Стаўка на добраахвотнікаў: Украіна радыкальна рэфармуе пажарную службу


Украіна пазбаўляецца ад інстытуту пажарных інспектараў і дэцэнтралізуе ўсю пажарную службу на заходні манер.

Пажарны інспектар = карупцыянер?

Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў паведаміў, што рэформа пажарнай службы будзе складацца з трох этапаў: ліквідацыі пажарнай інспекцыі, стварэння добраахвотных пажарных камандаў і змянення фінансавання пажарнай службы.

У першую чаргу возьмуцца за пажарных-правяраючых.

«Пажарная інспекцыя – гэта орган, карупцыйны складнік якога настолькі вялікі, што яго цяжка ўявіць», – зазначыў Авакаў.

Прадпрыемства высокай зоны рызыкі і дзяржаўныя прадпрыемствы, тым не менш, будуць кантралявацца. Для прадпрыемстваў сярэдняй і малой зоны рызыкі распрацуюць «альтэрнатыўнае выйсце, так каб быў баланс паміж бяспекай і камфортам прадпрымальніцтва», – паведаміў Авакаў.

Пажарныя-валанцёры, як на Захадзе

У шасці «пілотных» вобласцях – Данецкай, Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Вінніцкай, Цярнопальскай і Львоўскай ужо пачалася падрыхтоўка да набору пажарных-добраахвотнікаў.

Украінскія пажарныя
Украінскія пажарныя

Сэнс добраахвотніцкай сістэмы ў тым, што пажарныя дружыны заступяць на дзяжурства нават у невялікіх паселішчах і змогуць хутчэй дабірацца да месца надзвычайных сітуацыяў і пажараў. У выпадку, калі невялікі атрад добраахвотнікаў не дае рады з пажарам, на падмогу выязджаюць «дзяржаўныя» ратавальнікі і дружыны з суседніх населеных пунктаў.

Сусветная статыстыка кажа, што ў ЗША колькасць пажарных-добраахвотнікаў складае 72 % ад агульнай лічбы пажарных. У Швецыі – 80 %. У Нямеччыне, дзе эфектыўнасць працы пажарных адна з самых высокіх у свеце – 1 млн 100 тыс чалавек – гэта пажарныя-добраахвотнікі. І 80% гэтых людзей жыве ў сельскай мясцовасці. Сярэдні час прыбыцця пажарнага-добраахвотніка на месца здарэння складае ўсяго 8 хвілінаў.

Добраахвотнікі дапускаюцца да службы пасля медкамісіі і праходжання адмысловых курсаў. «Заробак яны атрымліваць не будуць, але будуць мець шэраг ільготаў і сацыяльных гарантыяў ад дзяржавы і органаў мясцовага самакіравання» – дадаў Арсен Авакаў.

Добраахвотнікам можа стаць практычна кожны маючы добрую фізічную падрыхтоўку, моцнае здароўе і жаданне, але існуюць абмежаванні ва ўзросце (ад 18 да 60 гадоў).

Новая форма і фінансаванне

Трэці крок у рэформе – новая сістэма фінансавання Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях. Новая сістэма будзе прадугледжваць, як сказаў Авакаў, «абнаўленне тэхнічнага парку, абнаўленне матэрыяльнага забеспячэння і аплаты працы пажарных».

Пакуль што аплата пажарных і афіцэраў службы па надзвычайных сітуацыях – адна з самых нізкіх у краіне.

Дняпро стаў першым горадам Украіны, які стварае добраахвотніцкія часткі пажарных: налета тут хочуць стварыць тры першыя дэпо новага тыпу з пажарнымі-добраахвотнікамі і мінімальнаю колькасцю «бюджэтных» работнікаў. Таксама пажарныя Дняпра атрымаюць новую форму, якую шыюць па аўстрыйскім узоры.

Дыяна Тытор belsat.eu

Стужка навінаў