Статкевіча ізноў будуць судзіць


Суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Мікалаем Статкевічам, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове, прызначаны на 4 траўня, паведамляе яго жонка Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Facebook.

Статкевіча абвінавачваюць у парушэнні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаванні патрабаванням кіраўніцтва калоніі. На судзе будзе разглядацца пытанне аб змяненні яму рэжыму адбывання пакарання з заменай на турэмны.

Паводле інфармацыі жонкі палітыка, першапачаткова суд планаваўся на 28 красавіка, але затым яго перанеслі. Прычыны пераносу невядомыя.

Як паведамлялася раней, 9 красавіка камісія шклоўскай калоніі прыняла рашэнне адправіць Статкевіча на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання. Паводле наяўнай інфармацыі, у палітыка як мінімум 13 спагнанняў, з якіх 10 – за адмову ад работы па самаабслугоўванні (прыбіранне тэрыторыі). Паводле закона такую работу павінны выконваць усе зняволеныя па чарзе не больш чым дзве гадзіны на дзень, але ў дачыненні да Статкевіча гэтыя нормы не дзейнічалі, што ён расцэньвае як узаконены здзек.

Праблемы з адміністрацыяй калоніі ў асуджанага палітыка пачаліся адразу пасля яго пераводу ў калонію з магілёўскай турмы. Пасля таго як 24 сакавіка Статкевіч напісаў заяву аб адмове ад работ, ціск узмацніўся.

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў няволі. У траўні 2011-га ён быў прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Статкевіча палітычным зняволеным.

Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць. Палітык павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года, але ёсць апасенні, што яму могуць прадоўжыць тэрмін пакарання.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў