Статкевіч запрашае 19 снежня разам памаліцца за «былых і цяперашніх палітвязняў»


Апазіцыйны палітык прапаноўвае адзначыць 5-годдзе падзеяў на плошчы супольнаю малітвай.

«19 снежня мінае 5 гадоў, як дзясяткі тысячаў беларусаў паказалі, што яны вартыя свабоды. Слава героям, якія коштам рызыкі ці нават уласнай свабоды абаранілі гонар нацыі!» – напісаў Мікола Статкевіч у Facebook.

Палітык інфармуе, што ў суботу 19 снежня а 11-й гадзе ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе ў Менску адбудзецца малебен за былых і цяперашніх палітвязняў, за тых, хто пацярпеў за свабоду.

«Нагадваю, што гэта яшчэ і дзень Святога Мікалая, а таксама дзень малітвы Беларускай праваслаўнай царквы за зняволеных.

Запрашаю далучыцца ўсіх, хто лічыць гэта важным для сябе», – напісаў экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў паведамленні.

Некалькі тыдняў таму ён заявіў, што наступная Плошча ў Менску можа адбыцца ўвосень 2016 года – пасля парламенцкіх выбараў.

«Калі ўлада зменіць выбарчы кодэкс, мы будзем змагацца на выбарах. Калі не, кандыдаты ў дэпутаты, акрамя агітацыі за свае праграмы, павінны будуць агітаваць за тое каб людзі выйшлі на плошчу і націснулі на ўладу, каб яна лічыла галасы», – заявіў палітык.

Свой удзел у парламенцкіх выбарах Мікалай Статкевіч выключае, бо мае непагашаную судзімасць за Плошчу 2010 года.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў