Статкевіч: Улады стварылі 2400 няўрадавых арганізацыяў, каб выпампоўваць грошы з Захаду


Былы палітвязень патлумачыў, як Лукашэнка чарговы раз перагуляў апазіцыю.

Сваёй няздольнасцю абʼяднацца беларуская апазіцыя «адкрыла шлях да супрацы Лукашэнкі з Захадам», лічыць экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч. Пра гэта ён заявіў belapan.by 2 красавіка падчас візіту ў Магілёў.

«Добрую долю падтрымання, якую меў няўрадавы дэмакратычны сектар, будуць мецьгэтак званыя дзяржаўныя недзяржаўныя арганізацыі. І гэта рэаліі», – заявіў Статкевіч. Паводле палітыка, улады стварылі 2400 няўрадавых арганізацыяў, якія ўзялі пад кантроль «заходнія грошы».

Палітык лічыць, што Захад дзеіць у дачыненні Беларусі паводле прынцыпу «абы ціха»: «няма вайны і ўжо добра». «І яны не ўспрымаюць аргументаў, што гэта «абы ціха» усё роўна прывядзе да драматычнага фіналу, да якога ідзе краіна, а яны ў гэты час аслабляюць праеўрапейскія дэмакратычныя сілы», – мяркуе ён.

Цяперашнюю «адлігу» Ў дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам Статкевіч назваў «ударам па ідэалагічным падмурку дэмакратычных сілаў» з боку Захаду.

«Мы абапіраліся і апелявалі да ідэалаў свабоды і дэмакратыі. І цяпер краіны, якія ўвасабляюць гэтыя ідэалы свабоды і дэмакратыі, на практыцы ў вачах беларусаў раптам ідуць на кантакт з чалавекам, які супраць усяго гэтага змагаўся доўга і ўпарта. У дэмакратычным асяродку гэта ўспрымаецца як здрада», – адзначыў Статкевіч.

Разам з тым такая сітуацыя, лічыць Статкевіч, паставіла і ўлады Беларусі ў новыя ўмовы, якія змусілі перайсці сілавікоў ад арыштаў да штрафаў.

Палітык упэўнены, што спыніць хвалю штрафаў супраць дэмакратычнай супольнасці могуць толькі апазіцыйныя лідары, дзеянні супраць якіх будуць мець міжнародны рэзананс. «Спыніць (штрафы. – заўв. belsat.eu) яны могуць толькі адным чынам – не плаціць», – заявіў Статкевіч.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары