Статкевіч: Страшна выходзіць на Плошчу і дамагацца свайго, але іншага шляху няма


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/eOWsSfW5iPk”][vc_column_text]Рада беларускага нацыянальнага кангрэсу заявіла, што ўлады на бліжэйшых парламенцкіх выбарах рыхтуюць чарговы выбарчы фарс. Мікола Статкевіч распавядае «Белсату», чаму ён заклікае беларусаў выйсці на плошчу на наступны дзень пасля галасавання.

Юлія Лабанава: Выбары яшчэ не скончыліся, але вы ўжо заяўляеце, што яны пройдуць нязгодна з дэмакратычнымі стандартамі, і будуць фальсіфікацыі. Чаму?

Мікола Статкевіч: Выбараў не будзе, таму што выбарчая сістэма Лукашэнкі – сістэма махінацыяў, сістэма падменных выбараў і іх імітацыі – не кранутая, яна засталася без зменаў. Сістэма грунтуецца на ўчастковых камісіях, у якія ўваходзяць толькі прадстаўнікі аднаго прадпрыемства, школы або шпіталя – яны абавязаныя па месцы працы (бо за працу ў такой камісіі адказвае кіраўнік такога прадпрыемства) падпісваць пустыя пратаколы, потым падпісваць якія заўгодна лічбы. Гэтая сістэма засталася без зменаў.

Апазіцыя спрабавала трапіць у такія камісіі, але камісія – гэта святое. Калі кагосьці пускаюць, то толькі ў вясковых раёнах, дзе ўчасткі маленькія, і звычайна людзей, якія не вельмі вольныя ў сваіх дзеяннях, нават з ліку апазіцыі: якія маюць працу і могуць яе згубіць, на якіх можна націснуць.

Вы таксама планавалі браць удзел у выбарах, але вашую ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Што сталася прычынай таму? Ці не падобна, што ўлады загадзя прыбралі моцнага канкурэнта?

Я не спрабаваў узяць удзел у выбарах. Я ведаю сучасныя беларускія законы: у мяне судзімасць – я не маю права ўдзельнічаць у так званых выбарах. Па-першае, я хацеў прыцягнуць і беларускай, і міжнароднай грамадскасці, што ўмовы нармалізацыі стасункаў Захаду з беларускім рэжымам – не выкананыя.

Палітвязні вызваленыя, але з ніводнага з іх не знятая судзімасць. Па-другое, я хацеў прыцягнуць увагу да парушэння канстытуцыі. Паводле яе абмежаванняў браць удзел у выбарах праз судзімасць няма.

Паводле канстытуцыі, браць удзел у галасаванні павінныя ўсе зняволеныя, якія знаходзяцца ў калоніях і турмах, апроч тых, хто знаходзіцца ў СІЗА. Гэта таксама не выконваецца. Заканадаўства ўвайшло ў супярэчнасць з канстытуцыяй, але ў нас на гэта ўжо ніхто не зважае.

Вашая прапанова выйсці на плошчу – адзіны шлях дамагчыся сапраўдных выбараў?

Іншага я не бачу.

Чаму?

А якія? Калі вы назавяце мне іншыя – буду вельмі ўдзячны. Вельмі цяжка і страшна выходзіць і дамагацца свайго, але іншага шляху няма. Калі нейкія палітыкі, якія называюць сябе апазіцыйнымі, сцвярджаюць пра іншы шлях – яны проста хлусяць. Яны гуляюць з уладай, спадзеючыся на дывідэнды з яе боку. Гэта непрыстойна.

Рэальна – іншага шляху няма.

Улада не падорыць нам выбары, бо інакш яна рызыкуе згубіць сябе – уладу – і свабоду: там шмат злачынцаў. Таму яна ніколі не аддасць нам уладу добраахвотна. Мы можам толькі забраць уладу для народа ў гэтага рэжыму.

Ці спадзеяцеся вы, што акцыя будзе масавай?

Я раблю тое, што павінен рабіць – тое, што падказвае мне сумленне і пачуццё годнасці. Кожны чалавек павінен рабіць выбар. Гэта няхай кожны вырашыць сам для сябе.

Ці будуць гэтым разам рэпрэсіі з боку ўладаў, калі людзі пойдуць на Плошчу, і які характар гэтыя рэпрэсіі будуць мець?

Гэта будзе залежыць ад таго, наколькі масавая акцыя, а таксама ад таго, што будуць рабіць дэманстранты. Улада ў вельмі цяжкім стане, яна баіцца гэтай акцыі. Вось, напрыклад, узялі і пасадзілі чалавека, які браў удзел у дэманстрацыі і мітынгу 19 снежня 2010 года. Крымінальную справу аб масавых беспарадках узбудзілі амаль праз шэсць гадоў пасля гэтага – гэта спроба запалохаць. Але цяпер эканамічная сітуацыя блізкая да катастрофы, патрэбныя заходнія крэдыты – таму ўлада будзе сябе абмяжоўваць. Да якой ступені? Да якой яна напалохаецца.

Размаўляла Юлія Лабанава

Стужка навінаў