Статкевіч прызначыў сустрэчу Лукашэнку. На Плошчы


Экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікаў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыйсці на Плошчу, каб сустрэцца са сваймі выбарцамі і адказаць на іх пытанні.

Пра гэта ён заявіў на супольнай прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Някляевым, Анатолем Лябедзькам і Паўлам Севярынцам, падае радыё «Свабода».

«Я адсутнічаў, і ў мяне шмат пытанняў накапілася, а тут тыпу «выбары«. Дык вось я ў «тыпу прэзідэнта», які цяпер кандыдат, хацеў спытацца: куды ён нас завёў і што прапануе далей? Хай патлумачыць. Як выбарнік я маю права па законе на выбарчыя сходы, каб даведацца ад кандыдата ягоную праграму і план. Таму трэба звярнуцца да яго, каб ён прыйшоў на сустрэчу з намі. Я гатовы арганізаваць яму гэтую сустрэчу ў Менску, на Плошчы. Мінімум аховы бярыце – нічога з вамі ня здарыцца, я гарантую. Калі гэты чалавек не прыйдзе – ну што ж, будзем абмяркоўваць без яго, што ён нарабіў. Калі ён замест сябе дашле хлопцаў з дубінамі – ну, тады мы атрымаем адказ, што ён далей збіраецца з намі рабіць. Трэба карыстацца гэтай кампаніяй і вярнуць сябе больш прасторы свабоды», – заявіў былы палітвязень.

Чытайце больш >>> Някляеў: У выбарах удзельнічае не Караткевіч, а сіла, якая спрабуе ёй маніпуляваць

Лідар Партыі БНФ: Марнаваць свае сілы і энергію на ініцыятыву Статкевіча нам не цікава

Статкевіч заклікаў грамадства не баяцца размоў пра Плошчу:

«Цяпер такі страх гэтага слова – «Плошча»… Людзі, вы што ўжо, шыльдачкі пачалі баяцца? Ніхто ж зараз не кажа пра 11 кастрычніка, бо гэтая дата, па сутнасці, ужо не цікавая. Мы кажам пра сустрэчу з выбарнікамі. А калі ўсяго баяцца… То калі вы ўсяго баіцеся, то тым больш у вас забіраюць. Калі ў Лукашэнкі такая складаная фінансавая сітуацыя і прыперла яму – дай легітымнасць, то давайце скарыстаемся гэтым і крыху прасторы сябе адваюем. Як толькі ён мірны сход выбарнікаў, якія прыйшлі яго паслухаць, разгоніць, то ён можа ўжо не праводзіць выбары, бо яго легітымнасць ужо скончыцца».

Статкевіч таксама адказаў на абвінавачванні ў тым, што ў 2010 годзе палітыкі вывелі на Плошчу людзей і фактычна падставілі іх.

«Гэтыя размовы, што нейкіх балванчыкаў дурных заманілі на Плошчу і падставілі… Дык па гэтай логіцы ў нас уся гісторыя такая. Вось быў у нас такі Канстанцін Астрожскі – узяў, заманіў 30 тысяч чалавек супраць 80 тысяч. Ну, там пашанцавала – праскочылі. Поп Гапон з яго не атрымаўся. А вось з Каліноўскага атрымаўся – заманіў з шаблямі і косамі людзей супраць самай вялікай арміі свету на той час і падставіў, каб парэзалі. Вы што, так успрымаеце гэта? Людзі ведаюць, на што ідуць, яны робяць учынак, за які ім ніколі ня будзе сорамна. А цяпер задняй датай іх робяць нейкімі дурнямі! Статкевіч заманіў, падставіў… Не абражайце свой народ, яго лепшую частку. Да ім па барабану было, хто там кандыдат, яны выйшлі за сябе, каб сябе паважаць. Людзі выходзяць за сваё, не таму, што ім паабяцаў нехта нешта», – заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты.

На сёння ніякіх канкрэтных планаў наконт нейкіх вулічных дэманстрацыяў у апазіцыі няма. Але Уладзімер Някляеў адзначыў, што гэтае пытанне, безумоўна, абмяркоўваецца.

Някляеў адзначыў, што найбольшай небяспекай пры магчымай Плошчы-2015 могуць стаць «цітушкі».

МЯ, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары