Статкевіч: мы будзем адваёўваць прастору для дзейнасці


Экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч у эфіры «Белсату» распавёў, на якіх умовах ён гатовы да дыялогу з Таццянай Караткевіч ды ў якім фармаце плануе наступныя вулічныя акцыі.

Спадар Мікалай, пачнем з учорашняй падзеі: адбыўся пікет, прагучалі заявы. Якім чынам магчыма дасягнуць пастаўленай задачы і недапусціць легітымізацыю гэтых выбараў?

Калі б у нас быў сапраўдны апазіцыйны кандыдат, мы б падтрымалі яго і была б яркая агітацыйная кампанія, ён паказаў бы рэальную альтэрнатыву і здольнасць змагацца за яе, тады б Лукашэнка дакладна мусіў не дапусціць назіральнікаў да назірання за падлікам бюлетэняў, а апазіцыйны кандыдат мог бы заклікаць людзей да публічнага пратэсту. Аднак гэты сцэнар цяпер не спрацоўвае, таму што ў бюлетэні няма апазіцыйных кандыдатаў – ёсць фіктыўныя супернікі Лукашэнкі. У нас застаецца сродак не дапусціць легітымізацыю – заклікаць грамадства да ігнаравання гэтага выбарчага фарсу. Я думаю, што ўлада тады будзе змушаная пайсці на фальсіфікацыю колькасці выбарнікаў, якія аддалі голас і назіральнікі здолеюць зафіксаваць рэальную яўку ды гэткім чынам не дапусціць міжнароднай легітымізацыі гэтых выбараў.

Учора адбыўся першы пікет, я так разумею, будзе шэраг пікетаў. Распавядзіце пра планы.

Будуць не толькі пікеты. Хаця ў Менску адбудзецца яшчэ адзін, так бы мовіць, тэматычны пікет, але не я адказны за яго правядзенне, таму не буду загадзя без дазволу арганізатараў казаць пра што вядзецца і што там будзе. Але будуць і далей пікеты, будзе сустрэча з выбарнікамі, арганізаваная мною для спадара Лукашэнкі на адной з плошчаў. Я загадзя сфармулюю пытанні да спадара Лукашэнкі і буду іх задаваць па адным штодня праз свой «Фэйсбук», а пасля мы заклікаем яго прыйсці і хай ён адкажа на гэтыя пытанні. Калі ён не прыйдзе, прамаўчыць, гэта будзе азначаць, што на ўсе гэтыя пытанні ён адкажа станоўча.

Учорашняя акцыя была надзвычай яркай і была першым ад Плошчы-2010 настолькі масавым мерапрыемствам. Ці вы падрыхтаваныя да супрацьдзеяння ўладаў?

Ёсць такія перасцярогі, але цяпер улады апынуліся ў вельмі далікатнай сітуацыі: ім патрэбная міжнародная легітымнасць на Захадзе, бо патрэбныя заходнія грошы і патрэбная прастора для манеўру пад ціскам Пуціна. Таму хай улады выбіраюць, Калі вы так хочаце легітымнасці, то дайце нам нашае права збірацца разам і гаварыць пра тыя праблемы, якія стаяць перад краінаю.

Але на ваш адрас гучыць і крытыка з боку некаторых аглядальнікаў, метадолагаў, якія кажуць, што варта спыніць гэтыя акцыі, бо яны карысныя і для ўладаў. Як вы пракаментуеце такое меркаванне?

Ды ніяк. Гэта нармальна, калі нехта некага крытыкуе. У нас ёсць план, мы яго зацвердзілі і мы будзем яго выконваць. Іншых планаз няма. А план «нічога не рабіць» для нас непрымальна.

Сёння Таццяна Караткевіч падчас прэс-канферэнцыі заклікала ўсіх: і беларускамоўных, і расейскамоўных, з рознымі сцягамі, аб’ядноўвацца вакол ейнай стратэгіі за мірныя перамены. У якой сітуацыя магчыма адгукнуцца на гэты заклік?

Я не ўспрымаю Таццяну Караткевіч як самастойную палітычную фігуру і як палітыка. Яна не дасягнула, так бы мовіць, свайго кандыдацтва сама. Яна не стварала партыю, не ішла па партыйнай лесвіцы, не напрацавала вялікі палітычны капітал. Ёй далі гэтую пасаду. А цяпер мы вяртаемся да пытання: хто даў? За ёй стаіць чалавек, які даў ёй гэтую пасаду і які здзейсніў вельмі амаральны ўчынак.

Нават справа не ў тым, што ў 2010 годзе пасля выбараў публічна сябе зганьбіў на тэлебачанні, а ў тым, што нават пасля гэтага, папрасіўшы прабачэння і прызнаўшы гэты факт, ён спрабуе дагэтуль кіраваць і вырашаць лёсы апазіцыі. Прычым яго могуць у любы момант ізноў узяць і змусіць што заўгодна падпісаць і заявіць.

Гэта абсалютна амаральныя паводзіны. Я не маю доказаў, што гэты чалавек супрацоўнічае са спецслужбамі, я не бачыў распіскі. Але тое, што гэта цалкам непрымальныя паводзіны – відавочна. Гэты чалавек кіруе гэтай жанчынай, яна несамастойная, што з ёй размаўляць? Але калі раптам яна вырашыць выйсці з гэтай гульні, абвесціць пра тое, што збіраецца зняцца з выбараў, то мы гатовы з ёй размаўляць, чаму б не?

Наколькі імаверны гэты сцэнар?

Я не знаёмы са спадарыняй Караткевіч, але заўсёды казаў, што беларускія жанчыны цудоўныя, яны прыгожыя, разумныя і пяшчотныя, вельмі ўдзячныя мужчынам, якія зрабілі для іх нешта добрае. Яна будзе ўдзячная і будзе слухацца таго мужчыну, які зрабіў яе кандыдатам на прэзідэнта. Увесь мой жыццёвы досвед сведчыць пра гэта.

Я не веру ў імавернасць гэтага, але яна прапаноўвае абяднацца. Я адказваю: я згодны, вось на гэткіх умовах.

Зборшчыкі подпісаў заўважаюць, што ў беларускім грамадстве існуе пэўная пасіўнасць і няма жадання ісці на гэтыя выбары. Ці вы плануеце нейкім чынам скарыстацца з гэтага?

Мы тлумачылі сваю пазіцыю і будзем тлумачыць. І будзем падмацоўваць яе дзеянні. Вось учорашні пікет – гэта дзеянне. Сустрэчы выбарнікаў на плошчы, так гэта назавём, мы будзем рэалізоўваць сваё права збірацца перад выбарамі і абмяркоўваць кандыдатаў, таксама будуць ісці ў гэтым рэчышчы.

Калі ўлада разгоніць нас, то яна развітаецца з легітымнасцю, а народ таксама пабачыць гэта. Калі яны не будуць нас разганяць, то мы знізім узровень страху ў грамадстве, пашырым прастору для сваёй свабоды і здолеем на гэтых сустрэчах патлумачыць нашую пазіцыю.

Такая простая стратэгія. Мы не ідзем на максімум, на гэтую кампанію мы сваім задачы-мінімум, бо я, нажаль, вярнуўся ў гэтую кампанію занадта позна. Але гэтыя задачы мы будзем выконваць і будзем дасягаць нашых мэтаў.

А выбараў застаўся ўсяго месяц. Ці вашыя мэты больш далекасяжныя?

Абсалютна так. Гэта нашая галоўная задача, хоць яшчэ не скончылася гэтая кампанія. Але выбары ўжо, лічы адбыліся і нам ужо сфальсіфікавалі спіс кандыдатаў на прэзідэнта. Аднак мы не можам не скарыстацца з магчымасцяў, якія нам дае гэтая кампанія. Учора я гэтым скарыстаўся. Мы будзем паніжаць узровень страху ў грамадстве, казаць: людзі, не бойцеся. Мы нічога не штурмавалі і нас не чапалі. Мы будзем адваёўваць прастору для нашай дзейнасці.

Гутарыў Сяргей Скулавец, belsat.eu

Стужка навінаў