Статкевіч хоча прапанаваць Лукашэнку публічную размову

video

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч арганізаваў пекет каля ГУМУ ў Менску з патрабаваннем свабодных выбараў.

Увечары 10 верасня старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і былы палітвязень правёў у цэнтры Менску пікет з патрабаваннем дэмакратычных выбараў.

Я падыходжу да ГУМу з боку Нацбанку, ля якога натоўп людзей здалёк разглядае англамоўны турыст. Пачынаю здымаць праз дарогу, замежнік адразу кажа, што там небяспечна. Цісну плячыма. Ён ідзе за мной, распавядаю па дарозе, што тут адбываецца. Калі падыходзім да грамады, людзі перахопліваюць турыста і распавядаюць яму, чым Статкевіч адрозніваецца ад Саннікава.

Атмасфера на некалькіх дзясятках квадратных метраў ля ГУМу нагадвае сустрэчу знаёмых. Не хапае крэслаў, стала і нечага на гэтым стале. Спадарыні абдымаюць Статкевіча, спадары доўга і моцна ціснуць яму руку, моладзь зычыць поспехаў.

Прысутныя прыходзяць паглядзець на таго, каму дасылалі паштоўку ў турму, і запытаць, ці іх лісты дайшлі. Статкевіч кажа, што ўсё атрымаў. Галоўнае, што кандыдат выбараў-2010 хоча сказаць людзям сёння – ён збіраецца прапанаваць Лукашэнку шчырую публічную размову. Прысутным падабаецца гэтая думка, яны крычаць «Жыве Беларусь!», робяць сэлфі з палітыкам ды ідуць дадому. Пікет трывае каля гадзіны, потым яшчэ гадзіну Статкевіча не адпускаюць журналісты.

Адныя спрабуюць даведвацца, што Статкевіч мяркуе наконт Колі Лукашэнкі. Статкевіч кажа, што «дзеці – гэта святое», але ён не ведае, што будзе з сынам кіраўніка Беларусі, калі той сутыкнецца з рэальным светам, бо цяпер «ён жыве ў штучным асяроддзі». Сваім дзецям былы кандыдат забараняе прыязджаць у Беларусь, «каб не сталі закладнікамі». Але пасля 11-га кастрычніка нядаўні палітвязень спадзяецца запрасіць іх у Менск.

Самая дата 11-га кастрычніка, на думку Статкевіча, «не існуе, бо сумленных выбараў няма». Нядаўні палітвязень абяцае, аднак, што скарыстаецца ўсімі магчымасцямі выбарчай кампаніі ды будзе актыўнічаць да 10-га кастрычніка. Што плануе рабіць, абяцае распавесці неўзабаве.

Калі Статкевіча спрабуе спыніць міліцыянт, апазіцыянер адказвае, што ў краіне – выбары, і просіць лейтэнанта не перашкаджаць размаўляць з людзьмі. Праваахоўнік дастае пратакол з 2010 года на нейкага актывіста, перапісвае яго, падстаўляючы толькі імя Статкевіча, дату і месца дзеяння.

Статкевіч адмаўляецца падпісваць, міліцыянт сыходзіць. «Людзі ў пагонах незалежна ад палітычных поглядаў паважаюць мяне, улада гэта ведае, і таму звычайна дасылае да мяне лейтэнантаў. Старэйшыя па званні – разумнейшыя, і не ходзяць».

Людзі адразу пачынаюць звяртацца да Статкевіча як да вайскоўца, і запытваюць, ці дае ён ім дазвол ваяваць супраць Расеі, калі тая раптам нападзе на нас, як на Украіну. «Вы не будзеце мяне пытаць, самі пойдзеце, – адказвае стваральнік колішняга «Беларускага згуртавання вайскоўцаў». – Абавязак кожнага мужчыны – бараніць краіну».

«Нашая задача сёння – не развярнуць Беларусь на Захад ці Усход, а дасягнуць дэмакратыі», – кажа лідар сацыял-дэмакратаў. На пытанне, што ён мяркуе наконт прэзідэнцкай формы кіравання, Статкевіч адказвае, што «магчыма Беларусь павінная пераняць польскі досвед, каб паміж прэзідэнтам і прэм’ерам быў пастаянны канфлікт, бо калі адзін захоча здаць краіну, другі не дазволіць».

Пакрысе цямнее, людзі разыходзяцца, вакол Статкевіч застаецца некалькі журналістаў і найбліжэйшыя сябры. Ну і з дзясятак супрацоўнікаў спецслужбаў, якія ходзяць на ўсе Дні Волі і Чарнобыльскія шляхі. У іх аднолькавыя твары і аднолькавыя скураныя курткі з аднаго намёту на рынку ў Ждановічах. Дваццаць адзін год адныя і тыя ж людзі спрабуюць змагацца з Лукашэнкам, адныя і тыя ж – дапамагаць першаму прэзідэнту трымацца ва ўладзе. Атрымліваецца, што гэта – сустрэча знаёмых, не знікае адчуванне, што насамрэч бракуе толькі пачастунку.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары