Стас Барэцкі разбіў iPhone і заклікаў расейскіх вытворцаў варушыць мазгамі


Былы музыка гурта «Ленінград» таксама знішчыў планшэт «Samsung».

Былы ўдзельнік гурта «Ленінград» Стас Барэцкі разбіў «iPhone» і планшэт «Samsung» у адной з крамаў у Санкт-Пецярбурзе. Пра гэта ён распавёў радыёстанцыі «Говорит Москва», піша lenta.ru. Барэцкі растлумачыў, што папрасіў у прадаўца паказаць расейскія тэлефоны, але апынулася, што крама імі не гандлюе. Тады ён кінуў прапанаваныя кансультантам гаджэты на падлогу і разбіў іх нагой.

«Гэтая акцыя не супраць выкарыстання гаджэтаў, а каб паказаць, што трэба сваё нешта рабіць, свае гаджэты, адраджаць заводы электронныя. Тэлефоны – гэта, наагул, мне здаецца, рабіць можна элементарна. Тэхналогію купіць, і ўсё. І рабіць. Чаму мы павінны ўсё гэта купляць, гэта каштуе шалёных грошаў?» – сказаў Барэцкі і дадаў, што кампенсаваў краме нанесеную шкоду.

Музыкант таксама паведаміў, што сам карыстаецца старым тэлефонам «Nokia».

«А фіны, па вялікім рахунку, нашыя браты («Nokia» – фінская кампанія). Чаму я ў «iPhone» павінен спампоўваць усё за грошы? Трэба скрасці дызайн, замяніць лагатыпы, як кітайцы робяць. Мяне папракаюць, што я езджу на BMW, у хуткім часе я яе спалю, ды і ўсё. І перасяду на «Жыгулі». Цалкам сурёзна кажу», – адзначыў музыка.

Тыдзень таму Стас Барэцкі падчас «контрсанкцыйнага рэйду» прадэманстраваў сваю нянавісць да замежнай прадукцыі, парваўшы зубамі бляшанку імпартнага піва.

ЮВ, belsat.eu, паводле lenta.ru

Глядзі таксама
Каментары