Старшынёю БСДП «Грамада» пераабралі Ірыну Вештард


БСДПГ – адна з трох сацыял-дэмакратычных партыяў з падобнай назвай. Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадой кіруе Станіслаў Шушкевіч, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Народнай Грамадой) – Мікола Статкевіч. Іх нельга блытаць.

У Менску прайшоў XVI справаздачна-выбарчы зʼезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». У ім узялі ўдзел больш, чым 80 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

У патаемным галасаванні ўзялі ўдзел 82 дэлегаты. Паводле партыйнага статуту, пераможцам выбараў лічыцца той, хто набярэ 50 % плюс адзін голас. Вештард перамагла з мінімальнай перавагай: за яе аддалі голас 42 чальца партыі, супраць – 40.

Другі вынік меў сябра кампаніі «Гавары праўду!» Ігар Маскоўскі (яго падтрымалі 38 чалавек), на трэцім – Віктар Крываль (не атрымаў ніводнага голасу).

На зʼездзе сацыял-дэмакраты таксама абмеркавалі змены ў статут ды выбарчы рэгламент.

Пасля абвяшчэння вынікаў галасавання Вештард заявіла, што нічога не зменіцца: БСДП, як і ўсе апошнія 25 гадоў, застанецца ў дэмакратычным полі разам з усёй апазіцыяй:

«Партыя і надалей працягне працаваць на карысць развіцця дэмакратычных каштоўнасцяў, каб у Беларусі адбыліся змены і, нарэшце, прайшлі сапраўдныя, празрыстыя, адкрытыя выбары з сапраўдным падлікам галасоў».

Ірына Вештард – настаўніца, працавала ў школе на Лагойшчыне і ў Смаргоні. У БСПД – з 1991 года.

ДД

Стужка навінаў