Валянцін Сукала: беларускія суды сталі менш рэпрэсіўнымі


Валянцін Сукала. Фота - Belarus.by

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала ў інтэрв’ю газеце «СБ-Беларусь сегодня» заявіў, што ўжо больш за 5 гадоў у Беларусі нібыта не было ніводнага выпадку неабгрунтаванага асуджэння грамадзянаў.

«Ужо больш за 5 гадоў у краіне не дапушчана ніводнага выпадку неабгрунтаванага асуджэння грамадзянаў. Таксама мяне радуе, што нашы суды ў цэлым сталі больш гуманнымі, менш рэпрэсіўнымі, пачалі актыўна абіраць меры пакарання, якія не звязаны з самымі суровымі санкцыямі. Гэта таксама пацвярджаецца статыстыкай. Скажам, сёння пазбаўленне волі ў структуры пакаранняў складае толькі 27 %. Летась (у параўнанні з 2016-м) у месцы пазбаўлення волі адправіліся на 1.739 чалавек менш дарослых і 65 – непаўналетніх. Вельмі сур’ёзна вырасла колькасць асуджаных да грамадскіх працаў, да грашовых штрафаў. Гэтая тэндэнцыя ў цэлым адпавядае крымінагеннай сітуацыі, структуры і дынаміцы злачыннасці», – заявіў Сукала.

Па словах Сукалы, суды зусім не настроены на абавязковае завяршэнне ўсіх спраў асуджэннем.

Сукала таксама заявіў пра неабходнасць зніжаць меру крымінальнай адказнасці для прадпрымальнікаў:

«Ужо ёсць адпаведныя напрацоўкі, якія, я думаю, неўзабаве будуць унесены ў крымінальнае заканадаўства. Вярхоўны Суд у плане гэтых змяненняў настроены досыць радыкальна. Хоць і сёння ў нас асуджэнне да пазбаўлення волі па эканамічных складах злачынстваў складае толькі 11 %, але я думаю, што ёсць магчымасць скараціць і гэты паказчык. Акрамя таго, важна змяніць і падыход да абрання меры стрымання для падазраваных у эканамічных злачынствах. Заключэнне пад варту, на мой погляд, павінна насіць выключны характар».

Акрамя таго, старшыня Вярхоўнага суда адзначыў, што ўзровень прыцягнення грамадзянаў да адміністратыўнай адказнасці празмерна высокі ў Беларусі.

«Я думаю, што суды ўсё ж у сілах значна скараціць колькасць асобаў, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Як фізічных, так і юрыдычных. Лік прыцягнутых да гэтага віду адказнасці – а ў мінулым годзе было складзена 4 млн 277 тысяч адміністрацыйных пратаколаў – відавочна з’яўляецца празмерным», – падкрэсліў ён.

Нагадаем, у 2017 годзе адбыліся дзясяткі судоў над журналістамі «Белсата». Паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі летась журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000.

ІІ, belsat.eu, паводле sb.by

Глядзі таксама
Каментары