Старшыня ТБМ будзе балатавацца з аднапартыйцамі ў парламент


На сёння каля дваццаці сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) заявілі аб намеры балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі на найбліжэйшых выбарах.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, рашэнне аб удзеле ў выбарах, якія пройдуць восенню гэтага года, было прынята цэнтральным камітэтам партыі каля месяца таму. Сярод тых, хто вырашыў балатавацца ў парламент, Барысаў назваў такіх вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, як старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, другі старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб, праваабаронца Алег Волчак. У найбліжэйшы час гэты спіс папоўніцца, лічыць намеснік старшыні партыі.

Як адзначыў Барысаў, БСДП (Грамада) не адмаўляецца і ад уваходу яе прадстаўнікоў у агульны спіс кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў, калі такі будзе сфармаваны. Канчатковае рашэнне па фармаце ўдзелу ў выбарчай кампаніі будзе прынята на пазачарговым зʼездзе партыі, які намечаны на чэрвень, паведаміў Барысаў.

18 снежня апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэту па падрыхтоўцы кангрэсу дэмакратычных сіл для выпрацоўкі адзінай пазіцыі, у тым ліку ва ўдзеле ў парламенцкай кампаніі.

21 снежня старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард заявіла, што яна не супраць правядзення такога кангрэсу і выпрацоўкі адзінага падыходу да парламенцкай кампаніі. «Але, шчыра скажу, я не маю вялікі ўпэўненасці, што гэта атрымаецца», – дадала палітык.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў