Старшыня суду ў Гомлі выкручваў блогерам рукі, каб адабраць тэлефон


Арцём Шапараў і Віктар Рубцоў у судзе Цэнтральнага раёну Гомля.

Здарэнне адбылося пасля працэсу над журналістамі-фрылансерамі Кастусём Жукоўскім і Андрэем Толчыным.

29 красавіка ў судзе Цёнтральнага раёну Гомля разглядаліся справы журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП. Усяго на Жукоўскага было складзена 4 пратакола, на Толчына – два. Пры гэтым на адзін з эпізодаў абвінавачвання паводле аднаго і таго ж артыкулу міліцыянты склалі два пратаколы – у розных РАУСах.

Падчас разгляду справы Андрэй Толчын заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд аўтараў пратаколаў. Суддзя Цэнтральнага раёну, Алеся Осіпава, задаволіла заяўленае хадатайніцва і перанесла разгляд справы на 6 траўня.

Адначасова ў будынак суду прыехалі мясцовыя блогеры Віктар Рубцоў і яго сябра Арцем Шапараў.

«Мы прышлі да сакратаркі з прозвішчам Волкава, каб яна патлумачыла, чаму даслала мне павестку за чатыры гадзіны да суду», – кажа Рубцоў.

Хлопцы зайшлі ў сакратарыят дзе Рубцоў распачаў відэаздымку з дапамогай свайго мабільніка. Нечакана да яго падышоў невядомы мужчына і вырваў тэлефон з ягоных рук. Пасля, выкруціўшы руку Шапараву, адабраў смартфон і ў яго, а потым кінуўся ўцякаць.

Блогеры выклікалі міліцыянтаў. Калі тыя прыехалі, высветлілася, што агрэсіўны чалавек – старшыня суду Цэнтральнага раёну Гомля Рыгор Дзмітрэнка. Міліцыя ўзяла ў блогераў тлумачэнні. Спадар Дзмітрэнка вярнуў тэлефоны ўладальнікам. Блогеры пакінулі запісы ў кнізе заяваў і прапановаў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары