Старшыня КДБ Вакульчык схіляе галаву перад Пуціным. ФОТАФАКТ


Пры сустрэчы з Пуціным старшыня беларускага КДБ схіліў галаву.

На паседжанні службаў нацыянальнай бяспекі краін СНД, якое прайшло ў Крамлі яшчэ 19 снежня, беларускую дэлегацыю ўзначальваў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. У фотасправаздачу крамлёўскай прэс-службы з гэтага мерапрыемства патрапіў момант, калі расейскі прэзідэнт вітаўся з кіраўнікамі спецслужбаў Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Беларусі.

Старшыня КДБ Вакульчык, у адрозненне ад калег з іншых краін, не толькі паціснуў руку Пуціну, але і нахіліў пры гэтым галаву, што не прадугледжана дзелавым пратаколам.

На фота звярнулі ўвагу аналітыкі Цэнтра статэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі і Юры Царык.

«Поза, у якой фатограф зняў Вакульчыка, паказвае некалькі павышаны піетэт гэтага чыноўніка да Пуціна. Аднак адназначна «ставіць дыягназ» на іх аснове наўрад ці магчыма. Як мінімум на адным з фота ёсць прыкметы таго, што ажыццяўлялася хуткасная здымка і для публікацыі спецыяльна быў абраны кадр, на якім усё выглядае менавіта гэтак», – тлумачыць Юры Царык.

Аналітык звяртае ўвагу на тое, што больш цікава, чаму на двух з пяці фота прэс-служба паказала Вакульчыка.

Паводле меркавання эксперта, гэта можа значыць, што супрацай на лініі спецслужбаў у Беларусі расейскія калегі цалкам задаволеныя.

«На фота буйным планам паказаны 4 кіраўнікі спецслужбаў дзяржаў, якія ўваходзяць у ЕАЭС – Арменіі, Беларусі, Казахстана і Кыргызстана. З іх не паказана толькі як Карым Масімаў вітаецца за руку з Пуціным. Таму, хутчэй за ўсё, гэта сігнал казахстанскаму кіраўніцтву пра тое, што супрацоўніцтвам па лініі спецслужбаў Расея задаволеная не вельмі», – дадаў Царык.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў