Старшыня КДБ распавёў пра беларускіх фігурантаў справы Шаройкі


Старшыня КДБ Валеры Вакульчык у Палаце прадстаўнікоў адзначыў, што акрамя ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якога Вярхоўны Суд прысудзіў да 8 гадоў зняволення паводле абвінавачвання ў шпіянажы, «у гэтай справе праходзяць і беларускія грамадзяне».

«Шаройка – гэта адна размова, а беларускія грамадзяне – іншая. У гэтай справе праходзіць былая дастаткова сур’ёзная асоба. Акрамя таго, там ёсць яшчэ некалькі фігурантаў справы. Я думаю, некаторыя з іх вам вядомыя. Матэрыял пра беларускіх удзельнікаў справы Шаройкі вылучаны ў асобную вытворчасць. Мы не спяшаемся зараз называць імёны і факты. Гэты працэс патрабуе ўважлівай праверкі, і новую інфармацыю пра беларускіх грамадзянаў, у якой ступені яны былі звязаныя з прафесійным украінскім выведнікам Шаройкам, мы паведамім пазней», – цытуе Вакульчыка «Радыё Свабода».

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

У дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж). Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

Суд над украінцам у Менску распачаўся сёлета ў лютым і праходзіў за зачыненымі дзвярыма. У выніку Паўла Шаройку прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Адначасова з судом над Шаройкай Чарнігаўскі раённы суд (Чарнігаўская вобласць, Украіна) пачаў папярэдняе слуханне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ўкраінскія спецслужбы абвінавачваюць у шпіянажы, аднак за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Нарэшце 15 траўня калегія суддзяў Чарнігаўскага раённага суду, якая мусіла разглядаць «шпіёнскую справу» Юрыя Палітыкі, узяла самаадвод. Цяпер справай будзе займацца Новазаводскі суд Чарнігава. 6 чэрвеня суд працягнуў арышт Юрыю Палітыку да сярэдзіны жніўня.

30 траўня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што не выключае магчымасці абмену «ўкраінскага шпіёна» Паўла Шаройка на «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў