За парады, прынамсі авіяцыйныя, якія не цягнуць за сабой аніякіх нязручнасцяў для людзей! Лідар партыі «Беларускі народны фронт» Аляксей Янукевіч апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook відэа рэпетыцыі авіяпараду ў Менску ды ў размове з «Беларускім партызанам» патлумачыў сваю пазіцыю.
«Я як дзяржаўнік лічу, што Узброеныя сілы Беларусі зʼяўляюцца надзвычай важным складальнікам беларускай незалежнасці. Таму іх трэба ўмацоўваць. Парад у мірны час – гэта адзін з асноўных і найбольш відовішчных спосабаў дэманстрацыі патэнцыялу ўласных узброеных сілаў», – патлумачыў ён.
Паводле апазіцыйнага лідара, правядзенне парадаў важна не толькі для таго, каб паказаць замежнікам ваенны патэнцыял Беларусі, але і як прыклад для суайчыннікаў, якія змогуць ганарыцца і давяраць сваёй арміі.
Гэткае меркаванне – хіба адзінае сярод іншых галасоў у дэмакратычным асяроддзі беларусаў. Праціўнікі вайсковых парадаў указваюць не толькі на адсутнасць бяспекі пры іхным правядзенні ды наступствы для дарожнага пакрыцця, але і на немэтазгоднасць правядзення гэткіх парадаў праз вялікія выдаткі.
Днямі палкоўнік Макараў назваў тых, хто выступае супраць вайсковага параду ў Менску, ідэйнымі нашчадкамі Вільгэльма Кубэ – нямецкага гаўляйтара падчас нацысцкай акупацыі Беларусі.
Спрэчкі наконт мэтазгоднасці вайсковых парадаў у цэнтры Менску ідуць не першы год. Некалькі дзён таму блогер Антон Матолька стварыў петыцыю з прапановай не праводзіць вайсковыя парады ў горадзе – яе ўжо падпісалі больш 8 тысячаў чалавек. Петыцыя зʼявілася пасля таго, як 23 чэрвеня танк знёс ліхтарны слуп на праспекце Незалежнасці падчас генеральнай рэпетыцыі параду.
ДР belsat.eu