Кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты: «Пры жаданні мы вельмі хутка станем членамі СГА»


Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу заявіў, что Беларусь да канца году можа ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю.

«Вельмі хутка адбудзецца чарговы раўнд перамоваў, я думаю, пасля гэтага мы больш дакладна зможам казаць пра тэрміны», – заявіў старшыня БелГПП, які між тым падкрэсліў, што «называць тэрміны – справа заўсёды няўдзячная».

Улаховіч таксама паведаміў, што Беларусь ужо працуе па прынцыпах СГА, «шмат у чым, бо Еўразійскі эканамічны саюз пабудаваны на тых жа прынцыпах».

«Адзінае, што мы павінны зрабіць – гэта прыняць усе пераходныя меры па абароне нашых фінансавых інстытутаў, сельгасвытворцаў, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, якія ўваходзяць у СГА», – падкрэсліў кіраўнік БелГПП.

Улаховіч лічыць, вялікіх барʼераў для ўступлення краіны ў СГА не існуе цяпер:

«Пры нашым жаданні мы вельмі хутка станем членамі СГА».

23-26 студзеня дэлегацыя на чале з першым намеснікам міністра замежных спраў Андрэем Еўдачэнкам прымае ўдзел у чарговым раўндзе перамоваў па далучэнні Беларусі да СГА ў Жэневе. Акрамя гэтага, запланавана правядзенне двухбаковых перамоваў з больш, чым 10 краінамі.

У склад беларускай дэлегацыі на перамовах увойдуць прадстаўнікі міністэрстваў замежных справаў, эканомікі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, юстыцыі, Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэту, Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасці, а таксама Нацыянальнага банку.

ВД, паводле belta.by

Стужка навінаў