Старшыня СПБ Борыс: «Мы змагаемся за незалежнасць»


Анджэліка Борыс, новая старшыня Саюзу палякаў Беларусі, распавяла праграме «Гарачы каментар» аб праблемах i перспектывах арганiзацыi

Цi ўтульна сябе адчуваюць беларускія палякі, улічваючы, што ўлады не прызнаюць Саюзу палякаў?

Вядома, гэта абсурдная сітуацыя, што ўлады нас не прызнаюць. Аднак Саюз палякаў не зліквідаваная арганізацыя. I мы не прэзентуем арганізацыю, якая не існуе. Зараз мы будзем святкаваць 27 гадоў, як існуем, а праблема ў тым, што існуе дзве арганізацыі. Адна арганізацыя прызнаецца ўладай, другая – Еўропаю і Варшаваю. I у гэтым праблема. Але пачнем з таго, што не мы самі сябе падзялілі. Каб гэтага не было, патрэбна, каб улада Беларусі шанавала Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь: правы нацыянальных меншасцяў, права на мову, права на культуру, якія дазволяць нам дзеяць у межах заканадаўства. Гэта па-першае. А па-другое, гэта – змена стасункаў датычна Саюзу палякаў з боку ўладаў Беларусі.

За што мы змагаемся? Мы змагаемся за незалежнасць. Мы не хочам каб нам нехта зверху даваў загад. Мы – грамадзяне Беларусі, яе падаткаплатнікі, і так склалася, што жывем на тэрыторыі Беларусі.

Мы не палітычная партыя, мы не арганізацыя з невядома якімі мэтамі – мы арганізацыя, якая мае 27-гадовую гісторыю. Людзі хочуць да нас прыходзіць і дзеяць. Для нас няма такой задачы, як удзел у палітычным працэсе. У нас няма задачы змены палітычнага рэжыму. Нашая задача – захаванне і клопат над польскасцю ў Беларусі. Мы вартаўнікі польскай культуры, традыцый, мовы на гэтай тэрыторыі, таму змена стасунку да нас будзе крокам да нармалізацыі сітуацыі ў будучыні.

Зразумела, тое, што Саюз палякаў не прызнаны ў Беларусі, гэта не спрыяе арганізацыі. Але куды важнейшае тое, каб арганізацыя была незалежнай, каб была рэпрэзентаваная людзьмі, а не штучна створаная зверху.

Ці стане гэта сёння ці заўтра – мы выразна разумеем, што нас як не любілі – то і заўтра не палюбяць. Але мы будзем дамагацца, каб пільнаваліся нашыя правы і падыходзілі да нас як да грамадскай арганізацыі. А далей паглядзім, як будзе развівацца – станоўча ці негатыўна.

Ці зменшыўся ціск на Саюз палякаў у параўнанні з мінулым годам?

Вядома, калі мы параўноўваем з папярэднімі гадамі, то варта адзначыць, што зʼезд Саюзу палякаў адбыўся без перашкодаў. Маем такі нядобры прыклад што старшыню нашай філіі ў Ваўкавыску не пусцілі ў школу. Яна хацела перадаць туды польскія кнігі. А яна грамадзянка Беларусі – і мела забарону ўвайсці ў школу. Гэты выпадак нас вельмі непакоіць. Непакоіць нас і тое, што капелан Саюзу палякаў, ксёндз Аляксандр Шэмет не мог быць на зʼедзе, бо адчуваў ціск з боку аддзелу ідэалогіі. Надзіраем за тым, што няма вострых рэпрэсіяў, але ёсць выпадкі якія сігналізуюць наяўнасць праблемаў.

Цi магчымае абʼяднанне двух Саюзаў палякаў, якія цяпер існуюць у Беларусі?

У Беларусі таксама існуе два Саюзу пісьменнікаў, якія таксама былі падзелены. Думаю, што трэба скончваць з такімі паводзінамі – «падзяляй – i кіруй». Саюз палякаў – гэта арганізацыя якая прэзентуе людзей. I я не бачу сэнсу, каб арганізацыя мусіла з кім-небудзь абʼядноўвацца.

На якіх умовах вы маглі б абʼяднацца з праўладным Саюзам палякаў (тэарэтычна)?

Я не бачу ў гэтым сэнсу. Навошта незалежная арганізацыя мусіць абʼядноўвацца, у тым ліку з праўладнай арганізацыяй? Важна, каб у Беларусі дзеялі некалькі арганізацыяў, але каб яны былі незалежнымі ад уладных структураў.

Нагадаем, спадарыня Борыс была абраная 10 снежня на 9-ым з’ездзе Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў