Стан здароўя Паўла Шаройкі ў турме КДБ рэзка пагоршыўся, – Тымчук


Украінскі журналіст Павел Шаройка, асуджаны за шпіянаж, паскардзіўся на рэзкае пагаршэнне стану здароўя. Пра гэта паведамляе кіраўнік валанцёрскай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Дзмітры Тымчук.

Паводле яго, з канца жніўня ў крыві Паўла рэзка павысіўся ўзровень глюкозы, што можа прывесці да цукровага дыябету. Акрамя таго, на скуры з’явіўся чырвоны сып невядомага захворвання. Каардынатар «ІС» сцвярджае, што такі сып распаўсюджаны сярод тых, хто ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, але медыкі ведамства не прымаюць ніякіх мераў.

«Шаройку неабходна дбайнае медычнае абследаванне, узяцце пробаў і прызначэнне адпаведнай дыеты», – гаворыць Тымчук.

Пры гэтым ён адзначае, што КДБ «ўсяляк блакуе доступ да Паўла Шаройкі дыпламатычных прадстаўнікоў Украіны ў Беларусі» і звяртае ўвагу на засакрэчанасць матэрыялаў суда над Шаройкам.

***

Нагадаем, украінскага журналіста Паўла Шаройку ў лютым асудзілі на 8 гадоў за «шпіянаж» (арт. 358 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, афіцыйнай інфармацыі аб ходзе працэсу не было.

25 кастрычніка 2017 году ў Менску Шаройку затрымалі супрацоўнікі КДБ і абвінавацілі ў стварэнні ў Беларусі агентурнай сеткі з ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі ягоныя заданні па збіранні звестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сферы».

Тым часам шэраг экспертаў мяркуе, што справа Шаройкі сталася сіметрычным адказам на затрыманне ў Чарнігаве ў мінулым чэрвені беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Яго падазраюць у збіранні звестак на карысць замежнай дзяржавы. Суд над Палітыкай не можа адбыцца ўжо больш за паўгады. На апошняе паседжанне Палітыку даставілі з траўмай, ён паскардзіўся на кепскае самаадчуванне.

ВІДЭА
Старшыня КДБ выказаўся наконт далейшага лёсу Паўла Шаройкі і Юрыя Палітыкі
2018.05.30 14:13
Hавiны
Беларускага «шпіёна» Юрыя Палітыку пераводзяць у Кіеў з меркаванняў бяспекі
2018.09.07 10:57

КА, belsat.eu

Стужка навінаў