Сталінізацыя ўсёй краіны: палова расейцаў лічаць рэпрэсіі апраўданымі


На пытанне, ці былі апраўданыя ахвяры сталінскага тэрору вялікімі мэтамі і вынікамі, дасягнутымі за кароткі тэрмін, станоўчы адказ далі 45% апытаных «Левада-цэнтрам».

Аналітычны цэнтр Юрыя Левады апублікаваў вынікі апытання, паводле якіх усё больш расейцаў станоўча ставяцца да Іосіфа Сталіна. Трэць апытаных ставіцца да яго з павагаю, 24 % называюць ягоную смерць «стратаю вялікага правадыра і настаўніка», а 45 % лічаць, што страты, якія савецкі народ панёс у сталінскую эпоху, апраўданыя вялікімі мэтамі і вынікамі, дасягнутымі за кароткі тэрмін. У 2012 годзе тых, хто апраўдваў рэпрэсіі, было амаль удвая менш (25 %).

Хоць большасць працягвае звязваць імя Сталіна з тэрорам, колькасць прыхільнікаў правадыра, пачынаючы з 2000-х гадоў пастаянна расце. У 2010-м годзе ідэю ўсталявання помніка правадыру падтрымлівалі 24 % апытаных, у 2015-м – ужо 37 %.

Помнікі Сталіну могуць з’явіцца па ўсёй Расеі

І падобна на тое, што хутка пажаданне аматараў «моцнай рукі» пачне збывацца, ды па ўсёй Расеі. У якасці нагоды для ўшанавання памяці аб правадыры камуністы выкарысталі 70-годдзе перамогі ў другой сусветнай вайне. Яны збіраюцца расставіць помнікі і мемарыяльныя дошкі ў розных расейскіх гарадах, а таксама перайменаваць вуліцы. Прычым, частку дазволаў яны ўжо атрымалі. Пра гэта днямі паведамляла выданне «Коммерсантъ».

Усталяваць помнікі Сталіну камуністы хочуць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Арле, Дагестанскіх Агнях (тут ужо з’явіўся праспект Сталіна), Махачкале, Ніжнім Ноўгарадзе, Сочы. Улады сталіцы, праўда, не спяшаюцца даваць згоду, паколькі «занадта шмат разнастайных меркаванняў». Крыніца «Коммерсанта» ў Крамлі паведаміла, што кіраўніцтва краіны з такімі ініцыятывамі не выступае і ўсе прапановы паступаюць з рэгіёнаў.

У Ржэве (Цвярской вобласці) плануюць да Дня Перамогі адкрыць дом-музей Сталіна. А ў Пярмі тым часам закрылі музей ахвяраў ГУЛагу «Пермь-36».

Гэта далёка не ўсе праявы нездаровай гістарычнай палітыкі ў Расеі за апошні час. Тыдзень таму стартавала рэклама Цэнтральнай дзіцячай крамы, якая знаходзіцца на вул. Вялікая Лубянка, непадалёк ад сядзібы Федэральнай службы бяспекі. Апошні будынак, які займалі па чарзе НКУС, ГПУ і КДБ (у народзе «Лубянка») для шмат якіх пакаленняў стаў сінонімам сталінскага тэрору. Слоган рэкламнай кампаніі гучыць «Любіш дзіця? Адвядзі на Лубянку», а героямі ролікаў сталі дзеці, якія прымералі на сябе ролі працаўнікоў дзяржбяспекі.

У Беларусі Сталіна ўжо ўшанавалі двойчы

У Беларусі стаяць два бюсты Сталіна. Першы з’явіўся ў 2000 годзе ў гарадскім паселішчы Свіслач. Тагачасны старшыня райвыканкаму Анатоль Кузьма прыдумаў сабраць усе помнікі ў «алею герояў». Так Ленін і Сталін апынуліся ў дзіўным суседстве побач з Рамуальдам Трагутуам, адным з кіраўнікоў паўстання 1863-64 гадоў. Другі бюст знаходзіцца ў музеі пад адкрытым небам «Лінія Сталіна», які ў 2005-м адкрылі пад Менскам.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары