Стала вядома, назіральнікі з якіх краін прыедуць на вучэнні «Захад-2017»


Беларусь запрасіла на вучэнні «Захад-2017» назіральнікаў з сямі краін і шасці міжнародных арганізацый, паведамляе Міністэрства абароны.

« Абапіраючыся на практыку добрасуседства і ўзаемнасці, у рамках Венскага дакумента 2011 года АБСЕ «Аб мерах умацавання даверу і бяспекі», а таксама двухбаковых дамоўленасцяў аб дадатковых мерах умацавання даверу і бяспекі на мерапрыемства запрошаны назіральнікі ад сямі краін: Украіны, Польшчы, Літвы Латвіі, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі.

Для назірання запрошаны прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Мінабароны Беларусі, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый, такіх як ААН, АБСЕ, НАТА, АДКБ, СНД, Міжнароднага камітэта чырвонага крыжа», – гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, правядзенне вучэнняў будуць асвятляць прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з дзясяткаў краін свету, паведамляюць у Мінабароны. Таксама на час вучэнняў будзе створаны адмысловы сайт для інфармавання грамадзян.

Раней МЗС паведамляў, што Менск плануе выслаць каля 80 запрашэнняў замежным назіральнікам на вучэнні «Захад-2017», якія павінны прайсці з 14 па 20 верасня. Аляксандр Лукашэнка запрасіў на іх назіральнікаў НАТА яшчэ 20 сакавіка пасля выказанага недаверу наконт празрыстасці вучэнняў з боку дыпламатаў і чыноўнікаў суседніх краін.

КА, belsat,eu

Стужка навінаў