Стала вядома, колькі людзей жыве ў Беларусі


У 2016-м беларусы сталі менш паміраць, а беларускі – больш нараджаць.

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў звесткі аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі за першае паўгоддзе. 1 ліпеня ў Беларусі жыло роўна 9 500 000 чалавек. За першае паўгоддзе ў нашай краіне нарадзіліся 58 266 дзяцей – на 1718 дзяцей болей, чымся за першае паўгоддзе летась. Паводле колькасці нованароджаных, у лідарах – Менск (10 904) і Берасцейская вобласць (9 252 дзіцяці).

Колькасць памерлых склала 61 297 чалавек і ў параўнанні са студзенем – чэрвенем 2015 года зменшылася на 1 329 чалавек (на 2,1%). Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў студзені–чэрвені 2016-га – 3 031 чалавек, у параўнанні са студзенем–чэрвенем 2015 года яно зменшылася ў два разы – на 3 047 чалавек.

У першым паўгоддзі гэтага года ў Беларусі пабраліся шлюбам 26 644 пары, а развяліся 16 459 сем’яў.

У Беларусь прыязджае больш людзей, чым выязджае

Даследчыкі падаюць, што ў студзені-чэрвені 2016 года міграцыйны прырост павялічыўся на 4 621 чалавека. У Беларусь едуць пераважна з Расеі, Украіны і Казахстана: з гэтых краінаў да нас прыехалі 6 756 чалавек.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў