Стала вядома, калі пачнецца суд над апошнім удзельнікам Плошчы-2010


Феміда дабралася да Кондруся праз пяць гадоў пасля падзеяў Плошчы.

Судовы працэс па справе Уладзіміра Кондруся пачнецца 16 лістапада.

У наступную сераду ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца суд над жыхаром Рудзенску Уладзімірам Кондрусем за меркаваны ўдзел у падзеях каля Дому ўраду ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Яго ўзялі пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання.

Кондруся абвінавачваюць паводле артыкулу 293 КК («масавыя беспарадкі») – таго, па якім у 2011 годзе асудзілі 49 чалавек. Апошняга з палітвязняў па гэтай справе, экс-кандыдат Мікалай Статкевіч, Лукашэнка памілаваў 22 жніўня 2015 года. Акрамя Кондруся фігурантам гэтай справы застаецца таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, у дачыненні да якога справа неаднаразова адцягвалася.

Кондрусь пасля затрымання знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску.

Каля трох месяцаў таму затрыманы абвясціў, што будзе галадаваць, але пасля таго як стан яго здароўя моцна пагоршыўся (Кондрусь не мог нават хадзіць), яго перавялі ў турэмны шпіталь, дзе ён спыніў галадоўку па рэкамендацыі лекара і па просьбах родных.

Сваякі Кондруся не паведамляюць падрабязнасці крымінальнай справы – з іх узялі падпіску пра неразгалошванне.

Беларускія праваабаронцы прызналі Кондруся палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.

ДД

Глядзі таксама
Каментары