Стала вядома, калі могуць увесці візавы рэжым паміж Беларуссю і Расеяй


Пытанне аб узаемным прызнанні візаў з Беларуссю Расея разлічывае вырашыць да вясны 2018-га года.

У інтэрв’ю выданню «Коммерсант» намеснік міністра замежных спраў РФ Рыгор Карасін заявіў, што абодва бакі «зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй стварыць міжнародна-прававую аснову для вырашэння візавага блоку і адрэгуляваць парадак транзіту замежнікаў з Расеі ў Беларусь і наадварот».

«Мы актыўна працуем над гэтым дакументам. У нас ёсць агульнае разуменне важнасці стварэння адзінага візавага прасторы, але ёсць некаторыя тэхнічныя складанасці. У бліжэйшы час будуць кантакты экспертаў па гэтай тэме, і я спадзяюся, што мы ў самым пачатку года гэтую праблему вырашым », – сказаў Карасін.

Паводле дыпламата, вырашыць пытанне хочуць да Чэмпіянату свету па футболе.

«Гэта задача нумар адзін. Лічу, што вырашым нават не да чэмпіянату, а да вясны. Гатовасць двух бакоў ёсць, ідзе прыцірка дэталяў. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці перамоваў», – дадаў ён.

Карасін адзначыў, што яшчэ ў красавіку бакі ўрэгулявалі парадак перасячэння замежнікамі мяжы паветраным транспартам. Адпаведныя рэйсы перавялі ў міжнародныя тэрміналы.

Пагадненне аб узаемным прызнанні візаў урэгулюе пытанні парадку пяцідзённага бязвізавага ўезду замежных грамадзянаў і ўезду замежнікаў у Расею транзітам праз Беларусь.

Уехаць у Беларусь без візы цяпер можна не толькі праз аэрапорт «Менск». У новых рэгіёнах тэрмін часовага знаходжання замежнікаў павялічваецца да 10 дзён.

Пяцідзённы бязвізавы рэжым запрацаваў у Беларусі 12 лютага для грамадзянаў 80 краінаў. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць толькі тыя, хто прылятае ў аэрапорт Менск. Сёлета па бязвізе ў Беларусь прыляцелі каля 80 тысяч турыстаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў