Стала вядома, каго дзяржава залічыць у «дармаеды» паводле Дэкрэту №1


Урад вызначыў, хто будзе падпадаць пад дзеянне Дэкрэта № 1, які ўвялі пасля таго, як па краіне прайшлі масавыя пратэсты супраць Дэкрэту №3. Стала вядома, якія паслугі будуць па поўным кошце аплочваць «дармаеды».

Савет міністраў сёння зацвердзіў прыкладнае палажэнне аб працы і паўнамоцтвах камісій па занятасці насельніцтва. Такія камісіі будуць стварацца ў межах абноўленага «дармаедскага» Дэкрэту №3.

Згодна з палажэннем, да працаздольных грамадзянаў, незанятых у эканоміцы, належаць працаздольныя грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства (якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне), якія не ажыццяўляюць працоўную, прадпрымальніцкую, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасць, віды якой пералічаны ў пастанове. Паводле прагнозу Мінпрацы, пад дзеянне Дэкрэту №1 могуць патрапіць каля 250 тысяч беларусаў.

Паводле новага дакументу яны будуць па поўным тарыфе плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі і за карыстанне жылымі памяшканнямі. Акрамя таго, у рэгіёнах створаць камісіі, якія будуць прымаць рашэнні па тых, хто трапіў пад дзеянне дэкрэта. Іншымі словамі, гэтыя камісіі будуць вырашаць, каго залічыць у «дармаеды».

Пры гэтым з ліку працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, выключаюцца грамадзяне, занятасць якіх па аб’ектыўных прычынах цяжкая або немагчымая.

Напрыклад, інваліды, маці, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей, пенсіянеры, зарэгiстраваныя ў якасцi беспрацоўных, і асобы, якія страцілі працу па ўважлівых прычынах (на працягу шасці месяцаў з даты звальнення), якія адбываюць пакаранне або знаходзяцца на прымусовым лячэнні, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.

Адмыслова створаныя на месцах камісіі будуць часткова ці цалкам вызваляць ад поўнай платы за дзяржавай паслугі. У такія камісіі змогуць звяртацца тыя, хто патрапіў пад дзеянне дэкрэта, але знаходзіцца ў «цяжкай жыццёвай сітуацыі».

Паводле пастановы Саўміну ў камісій па занятасці з’явяцца некаторыя новыя задачы:

  • дапамагаць у працаўладкаванні працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы;
  • займацца рэсацыялізацыяй грамадзянаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця;
  • фармаваць спісы грамадзян, якія мусяць плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ў поўным аб’ёме;
  • кансультаваць і аказваць прававую дапамогу па працаўладкаванні і (ці) самазанятасці;
  • інфармаваць грамадзян, што яны знаходзяцца ў «базах дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы».

Міністэрству па падатках і зборах даручана забяспечыць перадачу Міністэрству працы і сацыяльнай абароны маёмасных правоў на праграмнае забеспячэнне, звязанае са зборам і перадачай інфармацыі ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацый аб удзеле грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Менавіта Мінпрацы будзе збіраць звесткі і весці ўлік «дармаедаў».

У гэтую базу дадзеных уключаць наступную абавязковую інфармацыю аб грамадзяніне: ідэнтыфікацыйны нумар; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) на рускай мове; дата нараджэння; пол; грамадзянства; дадзеныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (месцы знаходжання); від, серыя і нумар дакумента, які сведчыць асобу.

Мінпрацы сумесна з Нацыянальным цэнтрам электроных паслуг да 30 лістапада 2018 года забяспечыць доступ мясцовым выканаўчым і распарадчым органам да базы дадзеных з дапамогай агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы.

Асноўныя пункты прынятай пастановы ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.

Нагадаем, 25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнавала плацельшчыкамi гэтага збору, вызваленыя ад яго выплаты.

Перамога пратэстоўцаў ці цяжкія часы? Што значыць для беларусаў Дэкрэт №1

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары