Стала вядома, хто будзе адказны за прыцягненне турыстаў на Берасцейшчыну


Паводле губернатара Берасцейскай вобласці, 10 дзён бязвізу – гэта выдатная магчымасць для развіцця турызму.

Сёння на пасяджэнні Берасцейскага аблвыканкаму ягоны старшыня Анатоль Ліс паставіў перад мясцовымі кіраўнікамі задачу прыцягваць у рэгіён болей турыстаў.

«Нам далі выдатную магчымасць – указ №462 пра дзесяцідзённы бязвізавы рэжым у чатырох раёнах Берасцейскай вобласці і Берасці. Многія, відаць, чакаюць яшчэ чагосьці. Давайце ў прапішам у пастанове, што ўсе старшыні гарадскіх і раённых выканкамаў, на якіх гэты рэжым распаўсюджваецца, персанальна адказныя за працу па прыёме турыстаў», – сказаў губернатар.

Гэта – новыя працоўныя месцы, падаткі ў мясцовыя бюджэты. Само яно не прыйдзе, для гэтага трэба вельмі сур’ёзна працаваць з тураператарамі, – заявіў Ліс.

З 1 студзеня 2018 года замежныя турысты могуць знаходзіцца да дзесяці дзён без беларускай візы ў самім Берасці, у Берасцейскім, Жабінкаўскім, Камянецкім і Пружанскім раёнах, а таксама ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці пры ўмове, што ўязджаць у Беларусь замежнікі будуць праз аўтамабільныя пункты пропуска Тэрэспаль – Берасце, Славатычы – Дамачава, Палоўцы – Пясчатка, Пярэраў (у Белавежскай пушчы), берасцейскі вакзал або аэрапорт Берасця.

Падобныя ўмовы дзейнічаюць і на Гарадзеншчыне.

БелТА піша, што за першыя тыдні студзеня гэтай магчымасцю скарысталіся амаль 300 чалавек.

Летась на ўязным турызме Берасце зарабіў $ 3 млн. Сёлета горад разлічвае на $ 5 млн.

ДД

Стужка навінаў