Стала вядома, чаму прэм'еру «Саламеі» ў Менску перанеслі на месяц


6 верасня Тэатр оперы і балета абвесціў аб пераносе дзвюх прэм’ерных паказаў.

Вялікі тэатр оперы і балета ў Менску адмяніў прэм’ерныя паказы спектаклю «Саламея», запланаваныя на 9 і 10 верасня, і перанёс іх на 18 і 19 кастрычніка.

Замест пастаноўкі Міхаіла Панджавідзэ паводле оперы «Саламея» Рыхарда Страуса па матывых трагедыі Оскара Ўайлда 86-ы сезон адкрыюць дзвюма аднаактовымі балетамі – «Пятрушкай» Ігара Стравінскага і «Шэхерэзадай» Мікалая Рымскага-Корсакава.

«Саламею» у Менску выканаюць па-нямецку з расейскімі субцітрамі.

Акторы ў кулуарных размовах звязвалі перанос з адкрытым лістом «праваслаўных грамадзянаў Беларусі» у адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

Рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ тлумачыў, што меў дазвол на пастаноўку ад мітрапаліта Паўла.

«Мы звярнуліся да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі за згодай на пастаноўку. І нічога ў гэтым дзіўнага няма, – распавёў Панджавідзэ. – Мітрапаліт Павел папрасіў, каб я яму расказаў, як бачу гэты спектакль. Я растлумачыў, што ў самой оперы «Саламея» нічога распуснага і антыклерыкальнага няма. Але неўрастэнічны кантэкст, які прысутнічае ў ёй, безумоўна стварае адчуванне нейкай эмацыйнай распусты. Хоць на самай справе пʼеса Уайлда глыбока рэлігійная, і ў ёй вельмі дакладна выказанае тое, пра што мы ўвесь час кажам і будзем казаць. У оперы «Саламея» мы гаворым пра гісторыю заходняй і хрысціянскай цывілізацыі, пра тое, што яна ўжо зноў гіне, як гінула калісьці».

Пазней старшыня інфармацыйнага сінадальнага аддзелу беларускага экзархату Сяргей Лепін патлумачыў «Нашай ніве», што царква папрасіла пра перанос прэм’ернага паказу, бо яе не задаволіла дата прэм’еры.

«Я быў на прагоне. Дзякуй Богу, ніякага экстрэмізму, абразы пачуццяў вернікаў там няма. Але мы падкрэслілі, што нам было б прыемна, калі б прэмʼера была перанесеная ў сувязі з тым, што планаваная дата – гэта напярэдадні дня Усекнавення галавы Іаана Хрысціцеля», – патлумачыў Лепін.

Саламея – іўдзейская царыца, унучка цара Ірада. Вядомая перадусім па ролі, якую адыграла пры смерці Яна Хрысціцеля: зачараваны яе танцам Ірад Анціпатар абяцаў выканаць любое яе жаданне, і тая, па просьбе маткі, запатрабавала галаву габрэйскага прарока.

Адсячэнне галавы Яна Хрысціцеля праваслаўныя вернікі адзначаюць 11 верасня.

ДД

Стужка навінаў