Стала вядома, чаму беларускія ID мы атрымаем пазней


Планавалася, што новыя карты пачнуць выдаваць з 1 студзеня 2019 года, але яны яшчэ не гатовыя. Тэрмін перанеслі на год.

Кавалак пластыку заменіць беларусам пашпарт унутры краіны, але міністэрства ўнутраных справаў паабяцала, што з часам па ім можна будзе выязджаць за мяжу.

Айчынная ідэнтыфікацыйная картка вонкава будзе нагадваць тыповую ID-картка якой-небудзь еўрапейскай краіны або сучаснае беларускае пасведчанне кіроўцы. Фота – МУС

У размове з Tut.by намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве, пашпартнай працы і выезду за мяжу Міністэрства ўнутраных справаў распавёў, што новы дакумент распрацоўваюць у межах Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмай (БІСРС). У МУС адзначылі, што выдаваць карткі магчымасць будзе ўжо з новага году, але яны не будуць падключаныя да сістэмы – то бок, гэта будзе «голы» пластык без начынкі і магчымасцяў. Менавіта таму ў міністэрстве прынялі рашэнне перанесці тэрмін выдачы ID-карты на год.

«Гэта не значыць, што 1 студзеня 2020 года ўсе беларусы ў абавязковым парадку павінны будуць атрымаць ID-карту і біяметрычны пашпарт», – дадае Павал Хрышчановіч. – Усе раней выдадзеныя пашпарты будуць сапраўдныя».

Беларусы змогуць пачакаць, пакуль скончыцца тэрмін дзеяння старога пашпарту, або атрымаць ID адразу пасля выхаду. Каштаваць выдача ID будзе каля адной базавай (на сёння – Br 24,5).

На ID-картцы будуць два фотаздымкі – каляровы (на аверсе дакументу) і чорна-белы (на рэверсе). Фота – МУС

«ID-карта будзе ўтрымліваць усе пашпартныя звесткі, электронны лічбавы подпіс і адмысловае прыкладанне, якое адпавядае міжнародным патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі», – дадае Хрышчановіч.

Улады плануюць, што як толькі ID-карты запрацуюць унутры краіны, Беларусь пачне перамовы з іншымі дзяржавамі, каб беларусы маглі падарожнічаць па гэтым дакуменце. Паводле спецыялістаў, падрабіць ID-карту будзе немагчыма, таму што на ёй вялікая колькасць ступеняў абароны.

Афармляць біяметрычны пашпарт трэба будзе толькі ў выпадку замежных паездак. Фота – МУС

Такім чынам, з 2020 года біяметрычны пашпарт будзе патрэбны толькі тым, хто выязджае за мяжу. Планаваны кошт выдачы гэтага дакументу – 3 базавыя (на сёння Br 73,5).

ДД

Стужка навінаў