Стагоддзе генацыду армянаў


Калі ў справе Галакосту габрэяў міжнародныя ацэнкі адназначныя, то першае ў 20 стагоддзі масавае забойства аднаго народу прызналі ў якасці генацыду далёка не ўсе дзяржавы.

Трагедыя застаецца галоўнай прычынай антаганізму Анкары і Ерэвана. Дыпламатычныя стасункі паміж Арменіяй і Турцыяй замарожаныя, мяжа зачыненая. Дадаткова сітуацыю ўскладняе праблема Нагорнага Карабаху – тэрыторыі Азербайджану, дзяржавы блізкай да Турцыі, дзе армяне абвесцілі сваю непрызнаную дзяржаву. 

24 красавіка 1915 г. сілы Асманскай імперыі пры падтрымцы мусульманскага насельніцтва зарганізавалі пагромы, высяленні і «маршы смерці» армянаў у Сірыю. У выніку загінула да 1,5 мільёнаў армянаў з 2,5 якія жылі ў той час у імперыі. Рашэнні пра забойствы прымалі найвышэйшыя ўлады ў Стамбуле, а дзеянні былі запланаваныя. Для армянаў гэта і сёння вялізная нацыянальныя траўма. Тыя хто перажыў «Вялікае злачынства», так трагедыю называюць самі армяне, памятаюць яе да сёння.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Сільвард Атаджан, 103-гадовая жанчына, якая ва ўзросце 3 гадоў перажыла генацыд:

«Мы ўбачылі вялікі карабель у моры. Жанчыны і мужчыны знялі верхнюю вопратку, прывязалі яе да палкі і пачалі размахваць з берага, каб на караблі заўважылі. Капітан убачыў людзей на пляжы. Ён выпусціў шлюпкі ў ваду. Мы сказалі яму што 18 чалавек ужо памерлі, а ў нас не было больш сілаў. Мы сказалі яму, што мы армяне і мы хаваемся ад туркаў у гарах і патрабуем ратунку».

Невыпадкова армянам дапамаглі французы. Туркі праводзілі этнічную чыстку каб выціснуць хрысціянаў з тэрыторыі Асманскай імперыі ўцягнутай у Першую сусветную вайну. Такім чынам туркі прабавалі абараніць сваю дзяржаву ад распаду. Армяне імкнуліся да незалежнасці і падтрымлівалі праціўнікаў Стамбулу – Расею і яе саюзнікаў з Антанты. Сярод іх была і Францыя.

Сільвард Атаджан: «Калі туркі прызнаюць генацыд і забойства такой колькасці армянаў, то ўсе армяне, якіх пераследавалі вярнуцца на радзіму каб жыць і квітнець. Нашчадкі тых армян, якіх выгналі з Турцыі распавялі ўсяму свету пра тое, што адбылося. Калі яны вернуцца, то іх місія будзе завершана».

Непрызнанне самімі туркамі гэтага злачынства чыніць справу незавершанай, а армяне адчуваюць сябе ў сталай небяспецы з боку не толькі Турцыі але і Азербайджану. Частку гэтай дзяржавы – Нагорны Карабах армяне занялі і абвесцілі там сваю непрызнаную ў свеце рэспубліку.

Арменія ў 2009 г. падпісала дамову з Турцыяй пра аднаўленне дыпламатычных стасункаў і адкрыццё мяжы, але дакумент затрымаўся ў парламентах. Армянскі лідар заявіў, што перазагрузка стасункаў з Турцыяй магчымая.

Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян: «Мы павінны, у рэшце рэшт, усталяваць нармальныя стасункі з Турцыяй і наладжванне гэтых нармальных стасункаў павінна быць без якіх-небудзь папярэдніх умоваў. Мы не ставілі якіх-небудзь перадумоваў для туркаў, мы не сказалі, што вы павінны прызнаць Генацыд армян, каб усталяваць нармальныя стасункі. Наша пазіцыя з’яўляецца справядлівай і канструктыўнай. Але турэцкі бок, турэцкае кіраўніцтва заўсёды называе розныя віды папярэдніх умоваў. Мы не гатовыя ўсталяваць стасункі, заснаваныя на папярэдніх умоваў».

Генацыд армянаў прызналі толькі 20 дзяржаваў з больш чым 2 сотняў. Сярод іх ёсць Польшча і Расея, але няма Беларусі. Нядаўна спачатку Рымскі папа Францішак а потым Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі раззлавалі Анкару называючы падзеі стогадовай даўніны генацыдам.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Міністр мытні і гандлю Турцыі Нурэцін Жаныклі: «тыя хто галасавалі не маюць ніякіх ведаў на гэтую тэму. То бок гэта палітычнае рашэнне. Гэта сапраўднае фіяска. Гэта рэзалюцыя будзе адзначана ў гісторыі рашэннем вартым жалю, ганьбай для Еўрапейскага Парламенту».

Турцыя прабуе адцягнуць увагу ад ушанавання памяці ахвяраў генацыду. У той самы дзень – 24 красавіка Анкара зарганізавала гучнае святкаванне стогадовых угодкаў пачатку Бітвы за Дарданэлы – пераможнай для Асманскай імперыі. Запрасілі гасцей са ста дзяржаваў.

Паразуменне паміж туркамі і армянамі патрабуе рэвалюцыі ў галовах. Магчыма першым крокам да яе стане мастацкі фільм «Шнар», які зняў нямецкі рэжысёр турэцкага паходжання Фатых Акін. Стужка распавядае пра маладога армяніна – нямога каваля, якога туркі разлучылі з сям’ёй і ён адчайна шукае сваіх дачок па ўсім свеце.

Рэжысёр зняў гэты фільм для туркаў, для тых хто не прызнае факту генацыду ці не ведае што тады адбылося. Каб ягоныя суродзічы адчулі спачуванне да галоўнага героя і да ўсяго армянскага народу.

Сяргей Пеляса, belsat.eu

Стужка навінаў