Срэбрэніца: За што міжнародны трыбунал асудзіў сербскага генерала Ратка Младзіча?


Ратко Младзіч, чэрвень 1995-га, Боснія. Фота -INFO-BALKAN.RU680

Міжнародны трыбунал ААН па былой Югаславіі вызнаў віну камандуючага сіламі баснійскіх сербаў Ратка Младзіча ў генацыдзе і іншых злачынствах падчас вайны ў Босніі ў 1992-1995 гадах. Вердыкт – пажыццёвае турэмнае зняволенне.

Младзіч на судзе ў Гаазе. Крыніца – wikimedia.org

74-гадовы Младзіч, які быў знойдзены вінаватым у 10 з 11 абвінавачанняў, не прызнаў сябе вінаватым.

Суддзі палічылі даведзеным, што Младзіч непасрэдна арганізоўваў забойства 8000 баснійскіх мужчынаў і хлопцаў у Срэбрэніцы, а таксама 43-месячную аблогу сталіцы Босніі Сараева, падчас якой у выніку мэтанакіраванага тэрарыстычнага артылерыйскага і снайперскага агню загінула больш за 11.000 мірных жыхароў.

Вайна ў Босніі

У 1990-1991 гадах Югаславія пачала няўхільна распадацца – спачатку сербскі камуністычны лідар Слабадан Мілошэвіч парушыў канстытуцыю краіны і не дазволіў абранаму прэзідэнту Харватыі заняць месца кіраўніка Югаславіі (законы прадугледжвалі ратацыю кіраўнікоў югаслаўскіх рэспублік на чале федэрацыі).

Младзіч падчас вайны. Крыніца – wikimedia.org

У выніку незалежнасць абвесціла Славенія, а потым Харватыя. Югаслаўскія войскі, якія падпарадкоўваліся лідару Сербіі Слабадану Мілошэвічу пры падтрымцы розных добраахвотных мясцовых і немясцовых фармаванняў атакавалі харвацкую тэрыторыю ў 1991 годзе і захапілі яе частку.

Вайна ў шматэтнічнай і шматрэлігійнай Босніі (44% насельніцтва – баснякі-мусульмане, 32% – сербы-праваслаўныя, 17% – харваты-католікі) пачалася ў 1992 годзе, калі і гэтая рэспубліка вырашыла парваць з Мілошавічам. Баявыя дзеянні характарызаваліся ўпартасцю, жорсткасцю, этнічнымі чысткамі з усіх бакоў, але асабліва вызначыліся тут сербскія сілы.

У ліпені 1995 года войскі пад камандваннем Ратка Младзіча «ачышчалі» раён каля гораду Срэбрэніца ад мясцовага баснійскага насельніцтва. Папярэдне прэзідэнт баснійскіх сербаў Радаван Караджыч выдаў «дырэктыву 7», згодна з якой у горадзе мусілі быць створаныя «невыносныя ўмовы татальнай небяспекі, якія не даюць надзеі на выжыванне для жыхароў».

Пасля таго, як міратворцы ААН у гэтым раёне пабаяліся супрацьстаяць цяжкаўзброеным сербам, пачалася кампанія тэрору і знішчэння. Сербскія жаўнеры аддзялялі мужчын і маладых хлопцаў ад жанчын і старых. Мужчын і хлопцаў забівалі, жанчын калектыўна гвалтавалі і катавалі нават на вачах міратворцаў.

Целы часта ляжалі проста ўздоўж дарогаў, а там, дзе растрэлы былі масавымі, трупы закапваліся бульдозерамі.

Трыбунал

Младзіч у гэты перыяд кіраваў Генштабам узброеных сіл баснійскіх сербаў, аднак кампанія генацыда не дапамагла яму на полі боя.

Вайна ў Босніі скончылася ў тым жа 1995 годзе пасля серыі рашучых удараў, якія нанеслі баснійска-харвацкія сілы сербскім войскам, а таксама, у меншай ступені, з-за бамбардыровак сербскіх пазіцый авіяцыяй НАТО. Агульная колькасць ахвяраў вайны ацэньваецца прыкладна ў 100.000 чалавек.

Яшчэ ў 1993 годзе пачаў працаваць створаны ААН Міжнародны трыбунал, які павінен быў пераследваць тых, хто падчас вайны ў Югаславіі рабіў ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.

Раней трыбунал ужо вызнаў вінаватым у генацыдзе і іншых злачынствах Радавана Караджыча – яго прыгаварылі да 40 год турмы. Былы прэзідэнт Югаславіі і Сербіі Слабадан Мілошэвіч, які падтрымліваў баснійскіх сербаў, таксама быў абвінавачаным, аднак памёр у 2006 годзе, калі працэс яшчэ не скончыўся.

Пахаванне 775 ідэнтыфікаваных ахвяраў забойстваў у Срэбрэніцы. 2010 год. Крыніца – wikipedia.org

У 1996 годзе Младзіч быў абвінавачаны ў злачынствах, аднак стаў хавацца і быў арыштаваны толькі ў 2011. Суд над ім пачаўся ў 2012 годзе і скончыўся толькі сёння.

Сербія афіцыйна прызнала факт масавых забойстваў і катаванняў у Срэбрэніцы. У 2013 годзе прэзідэнт Сербіі Томіслаў Ніколіч афіцыйна папрасіў прабачэння, аднак Расея і Сербія выступаюць супраць таго, каб кваліфікаваць гэтыя падзеі як генацыд.

У 2011 годзе 40% сербаў лічылі Младзіча героем, а не злачынцам.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары