Спёка прайшлася па Еўропе. Вынікі анамаліі


«Пачастуй дрэва вадой» – заклік беларускіх блогераў ператварыўся ў флэшмоб. Удзельнічаюць, размяшчаючы фота працэсу палівання, цэлыя фірмы. Заклік па-ранейшаму актуальны і пасля начных дажджоў, што прайшлі ў заходняй частцы Беларусі, бо глеба дагэтуль сухая.

З вынікамі працяглай засухі сутыкаецца і Еўропа.

У Партугаліі лясныя пажары зніштожылі 9 тысяч гектараў лесу. У Італіі, Іспаніі цягам лета ападкаў было ў пяць разоў менш за норму. А вось Францыя праз ліпеньскую сухмЕнь страціць значную частку бажалЕ. Пры гэтым якасць віна не пагоршыцца.

У Польшчы засуха прынесла нечаканыя знаходкі. Узровень рэк істотна панізіўся. На дне перасохлай ракі БзУры, непадалёк ад Варшавы, знайшлі стары савецкі самалёт. Імаверна, ён трапіў у замерзлую раку яшчэ ў студзені 45-га года.

Як кажуць даследнікі, напрыканцы вайны самалёт быў збіты з карабіна. Сем дзесяцігоддзяў ён ляжаў у балоцістай частцы рэчкі.

У самалёце – рэшткі целаў двух пілотаў. Імі зоймуцца антраполагі. Чальцы групы ратавання помнікаў ужо звярнуліся ў расейскую амбасаду.

Аднак да больш надзённых эфектаў засухі належыць перш за ўсё ўраджай. Праз спёку польскія яблыкі будуць нават смачнейшыя – пераконваюць мясцовыя фермеры, але, – дадаюць, што іх будзе на траціну менш, чым звычайна. Ураджаі кукурузы і цукровага бурака таксама моцна пацярпелі.

Так што, хоць самыя гарачыя моманты 2015-га ўжо за намі, але ліквідацыя іх наступстваў – справа і часу, і грошай.

МВ, «Белсат»

Стужка навінаў