Спрытны дармаед, або Гісторыя аднаго качагара


Народная мудрасць кажа, што работа не воўк, у лес не ўцячэ. Аднак, улічваючы цяперашняе дзяржцкаванне «дармаедаў», што крочыць па краіне шырокім крокам, за працай яшчэ як ганяюцца! Сашка-мент вунь як бегае з адной працы на другую. І ніводную кінуць не можа, бо абедзве аднолькавыя. У гэтым ацяпляльным сезоне Санёк праявіў знаходлівасць і паспеў узяць у свае рукі ажно дзве качагаркі – шчасліўчык! Ацяпляць трэба і малочны завод, і крамы, і бібліятэку з Домам культуры. Піша Ядзя Бурштынава.

Саша працуе

Сашка – важны чалавек у сваім пасёлку, без яго цётачкі з бухгалтэрыі дарожнага кіравання ператворацца ў ледзяшы, а прадавачка ў краме нос адмарозіць. Санёк і тут і там працуе качагарам. Штодня і штоночы літаральна разрываецца паміж дзвюма качагаркамі. А па марозу ведаеце як шпарка бегаецца! 800 метраў за пару хвілінаў. І гэта пры тым, што з Сашыных ног, як ён кажа, вены павымалі. Пасля такой аперацыі фізічныя нагрузкі і бег небяспечныя для здароўя. Хоць з-за целаскладу і моцы ў руках – Сашка для ўсяго пасёлка галоўны памочнік. Пойдзе дапамагчы – абавязкова капейчыну заробіць, яшчэ і зверху нальюць, а Сашка выпе.

DSCN0301 (2)

Працаваць яму качагарам добра, бо каля дому праца, не трэба нікуды ездзіць, стаяць ды мерзнуць на прыпынку. Праўда, хоць бы і хацеў, то ў горад не паехаў бы, бо працы там не знайшоў. Хіба толькі на содні ісці качагарыць на адно са Светлагорскіх прадпрыемстваў. Але былому міліцыянту гэткі доўгі працоўны дзень не да спадобы, хоць і заробак быў бы ў два разы большы, чымся за качагара ў дарожным упраўленні.

У марозны тыдзень накідае дроваў у качагарцы ў краме, ды і дадому бяжыць баявічок глядзець ці расейскія навіны, за што жонка яго крытыкуе. А Сашку што? Возьме свой вялікі паўлітровы кубак з дзедам марозам і елкай, налье аж да самых краёў ды сыходзіць з хаты ў… качагарку! У яго доме яна таксама ёсць. Раней, да з’яўлення газавага ацяплення, дровамі паліў. Не дарэмна ж Саня качагарам працуе. Можа гэта ў яго ў крыві ад нараджэння – дровы ў агонь кідаць.

Сядзім за сталом, пытаюся ў Сашы, якая ў яго філасофія жыцця. Паглядзеў на мяне вялікімі вачыма, усміхнуўся. Прамаўчаў, паціснуўшы плячыма. Для яго гэтае пытанне занадта цяжкае, відаць пра такое не думае. Жыве сабе чалавек ды неба копціць – ды і ўсё жыццё.

-Я ўжо ўсю вясковую бібліятэку перачытаў. Там жа талковых кніжак няма. Каб болей гістарычных, пра Чынгісхана, Тамерлана, Суворава, – прыцмоквае бяззубым ротам. Саша прачытаныя кнігі з фільмамі параўноўвае. Калі патрапіць рэжысёр з задумай, тады Санёк ледзь не крычыць сваё натхнёнае «О-о-о якое кіно! Вещь

Саша пʼе

За працу ў краме Санёк атрымае смешныя грошы – 1,4 млн. І гэта пры тым, што перш чым закінуць дровы ў кацёл, іх спачатку трэба пакалоць. Саша крыўдзіцца на раённае спажывецкае таварыства, якому належыць крама, бо качагарам з суседняй старой вёскі, што паблізу ад яго пасёлка, запрапанавалі большы заробак за такую ж працу. Ды і тым качагарам прасцей працаваць – на іх працоўным месцы катлы новыя. От, можа ад несправядлівасці Саня і п’е ўсё жыццё. Як тут без бутэлькі, калі гадзіна яго дзённай працы ў дарожным кіраванні каштуе толькі 10 тысячаў, ноччу стаўка трохі вышэйшая. Такія тарыфы трымаюцца ўжо некалькі гадоў. Зарабіць прыстойныя грошы працаўніку не ўдаецца, хоць гэтай зімой і мае два працоўныя месцы. Прыйдзе лета – абодва страціць.

5

Ягоныя вакацыі доўжацца прыкладна ад канца красавіка да пачатку новага ацяпляльнага сезона, які паўгода чакаць трэба. Летась свой зацяжны адпачынак 54-гадовы Сашка-мент «пратунеядзіў», за што яго жонка, ужо пенсіянерка, не карміла.

З мінулага лета не гатуе сямейную вячэру. Жывуць пад адным дахам, толькі гаспадарка ў кожнага свая. Ну і ложкі асобна стаяць. Жанчына кажа: «А навошта мне яго карміць са сваёй пенсіі, калі ён дзень спіць, ці валочыцца па вёсцы, выпіўку збірае. А тады нажарэцца, як свіння і ў хату паўзе».

Піў Сашка-мент і ў маладосці, асабліва калі быў ліквідатарам пасля чарнобыльскай катастрофы. Ахоўваў Брагін, былі псіхалагічна цяжкія часы. Піў, калі працаваў на будоўлі ў Бабруйску – рыхтавалі горад да Дажынак. Тады было фізічна цяжка. Ужываў чарніла ў часы працы дворнікам у мясцовым санаторыі. Мусіць, ад суму заліваў у горла. Ці ад настальгіі.

Адзіныя радасныя запоі, па ўспамінах Сашкі – падчас працы ў міліцыі. О тады пасля працоўнага дня, ці ў святы пілі якасныя дарагія напоі. За гэта і паважае цяперашні качагар СССР.

А яшчэ за модныя джынсы і смачную закуску. І за добры заробак! Саша прызнаецца, што пры саветах яго жыццё было, як песня. Цяпер жа ходзіць, як бомж, у пракураных «Прымай» ды «Астрай» спартыўных штанах і масцерцы.

Піць, ды галоўнае – мазгі не прапіць. Для мясцовых – гэта слушная перасцярога. Калісьці, адзін з Сашыных суседзяў бінзапілою мэблю ў доме парэзаў. Мой герой так не буяніць у сябе. Бо мэблі ў яго і так мінімум. А ўвогуле, жывуць як на будоўлі. У прыхожай нават шпалераў няма. Замест іх – цэгла. Ужо год пяць рамонт ніяк не даробіць. Сашына маці дапамагае, збіраючы для сынавай сям’і грошы. На яе падарунак у доме паставілі пластыкавыя вокны і металёвыя добрыя дзверы. У Сашы на такую раскошу грошай няма. А грошай няма, бо працу з добрым заробкам не можа знайсці. А без працы і без заробка – толькі ў запоі. Саша расказаў, што мінулым летам бегаў у гараж да сябра, там стаялі вялікія пластыкавыя бочкі з самаробным віном.

З сінім носам тут не толькі качагар ходзіць. Глушаць з гарла і жанчыны. Што жанчыны, сам святар яшчэ які аматар беленькай! Расказваюць, што пасля велікоднай службы сабраліся царкоўныя служкі з прыхаджанамі ў хляве на тэрыторыі царквы, ды стол накрылі, добра пасядзелі-пагудзелі.

Трохкутнік на літару «Ч»

4

Як паказвае «Google maps», пасёлак, у якім жыве Сашка, ад гораду знаходзіцца ў сямі кіламетрах. Гарадскі транспарт – гэта бадай што адзіная радасць у мясцовых, хоць і далекавата ісці трэба да прыпынку. Калі неахвота ногі таптаць, людзі едуць на маршрутцы. Да гораду 8 тыс., што ўдвая даражэй за грамадскі транспарт. Праўда, на маршрутцы толькі да чыгуначнага вакзалу даедзеш, а на аўтобусе без перасадак ажно на другі канец гораду.

Сашын пасёлак сучасны. Будаваўся для пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. З назвай новага населенага пункту ўлады не арыгінальнічалі. Ахрысцілі яго Чыркавічамі, як і старую вёску, што стаіць за рэчкай Чыркай, праз поле. Цягам часу ў тым полі яшчэ адны Чыркавічы выраслі – аграгарадок. Так і адбылося, што ў ваколіцы тры «Ч». Ды хоць бы і чатыры «Ч», працаваць мужчынам усё роўна няма дзе. Жаноцкіх месцаў тут болей, як не злуйся на гендарную раўнавагу. Біблятэкаркі, выхавацелькі, фельдшаркі, настаўніцы, паштальёнкі, бухгалтаркі, швачкі і… качагар Сашка.

Гульні з чортам

DSCN0291 (2)

І адзін кут таго трохкутніка на літару «Ч», я знайшла. Ішла па дарозе і раптам прыпынілася насупраць бетоннай сцяны, што адгароджвае тэрыторыю крамы. А на ёй, высокай і белай сцяне, блакітнай фарбай афарызмы напісаныя. Над адным з іх дымок у неба б’е, бачна, што хтосьці і тут качагарыць. «Труд – душа гения» – гучыць так паэтычна. Аднак, гэта толькі ўрывак думкі Нобэлеўскага лаўрэата Анатоля Франса аб тым, што «Праца – гэта душа генільнасці, сэрца таленту, яна – унутраны агонь усялякага таленту». Агонь таленту.

Менавіта дзякуючы агню ў качагара Сашкі абудзіўся талент пісаць вершы. Добра паддаты, (што значыць, крыху мацней, чым нападпітку), аўтар чытаў мне свае няскладныя рыфмы. Проза ў яго атрымліваецца лепшая, больш уразная. Але ж і страшная яна. Пра дябла, пра сілы светлыя і цёмныя, пра адвечную барацьбу за душу чалавека. Спярша падумала, што Санёк занадта шмат фантастыкі наглядзеўся, аднак пасля даведалася, што яму цяжка даюцца выхады з запояў.

Сам распавёў: «Такое адчуванне, што хтосьці сядзіць унутры і залівае тое піва. Мой страўнік нібыта бяздонная бочка. Я кажу яму, там, хто прымушае мяне піць, што болей не магу, ды і не хачу. А ён усё залівае і залівае. І дна не бачна».

Чартаўшчына з Санькам адбываецца. У яго хтосці залівае. А ён пасля вылівае, дакладней, высцыкае каля ганку пад вінаград. І брыдкасловіць. Што п’яны, а што цвярозы, а такія мацюкі гне! А каб была ў чалавека сталая праца з добрым заробкам – душа чалавека адразу б пасвятлела. Бо там, унутры качагара, пуста мабыць ад дармаедства.

Дарэчы, француз Анатоль Франс ахвяраваў сваю Нобелеўскую прэмію галадаючым у Расеі падчас грамадзянскай вайны ў мінулым стагоддзі. І хтосьці з адукаваных чыркаўчан увекавечыў за гэты ўчынак літаратара на бетоннай сцяне, напісаўшы тое самае, запаветнае: «Праца – душа геніяльнасці».

Ядзя Бурштынава, belsat.eu
Фота аўтара.

Глядзі таксама
Каментары