Спрэчкі на з'ездзе Партыі БНФ: Міхалевіча ўзнавілі насуперак волі Янукевіча


З’езд Партыі БНФ прагаласаваў за аднаўленне было кандыдата на прэзідэнта Алеся Міхалевіча ў складзе сябраў партыі. Гэта пытанне выклікала вялікую дыскусію.

Былы кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч, які цяпер у эміграцыі, даслаў ліст да з’езду Партыі БНФ, у якім папрасіў аднавіць яго ў складзе сябраў партыі. З’езд падтрымаў унясенне гэтага пункту ў парадак дня, а пазней праз галасаванне задаволіў просьбу актывіста, падае радыё «Свабода».

Пры гэтым старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаўся супраць разгляду гэтага пытання і аднаўлення Міхалевіча ў партыі: «Ён быў выключаны цалкам справядліва. Ён быў выключаны не за тое, што хацеў стаць старшынём Партыі БНФ. У свой час я галасаваў за гэта рашэнне таму, што быў сведкам ягонай антыпартыйнай дзейнасці».

Янукевіч падкрэсліў, што Міхалевіч неаднаразова ганьбіў Партыю БНФ у публічных выступах. Палітык мяркуе, што сёння «не ўсё чыста ў намерах Міхалевіча» і тут магчыма ёсць нейкія «махінацыі».

Янукевіч звярнуў увагу на тое, што Міхалевіч не звяртаўся з пытаннем аднаўлення ў партыі загадзя і адкрыта.

Міхалевіча выключылі з Партыі БНФ 14 чэрвеня 2008 года рашэннем сойму за публікацыі зневажальных выказванняў у бок іншых кіраўнікоў партыі. Міхалевіч быў на той момант намеснікам старшыні арганізацыі.

Сёння, 11 кастрычніка, у памяшканні канцэртнай залы Дому культуры (былы ДК «Сукно»), што на вуліцы Матусевіча, адбываецца справаздачна-выбарны з’езд партыі БНФ і грамадскага аб’яднання «БНФ Адраджэнне».

Глядзіце таксама>>> Янукевіч: Самая неверагодная хлусня пра Партыю БНФ тычылася Зянона Пазняка

МЯ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў