«Справядлівы свет» накіруе 300 актывістаў назіраць за выбарамі. Ці дапусцяць?


Пасля збору подпісаў, цяпер думкі палітыкаў займае пытанне падліку галасоў.

Збор подпісаў скончыўся, палітычныя сілы ўсё больш думаюць пра сумленны падлік галасоў.

Ці шмат прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў на сёлетніх выбарах змогуць трапіць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі? Заўтра – апошні дзень для вылучэння кандыдатураў ад арганізацыяў, камісіі сфармуюць цягам наступнага тыдня.

Партыя «Справядлівы свет», старшыня якой не змог сабраць ста тысячаў подпісаў, каб стаць кандыдатам на прэзідэнцтва, збіраецца накіраваць у камісіі каля трохсот асобаў. Аднак у аб’яднанні ўпэўненыя, што дапусцяць да падліку галасоў далёка не ўсіх.

«Гэта нявыгадна ўладам, яны выконваюць патрабаванні кодэкса аб тым, што траціну назіральнікаў павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый – яны ёсць, але гэта іншыя партыі, прадстаўнікі якіх падтрымліваюць дзеючыя ўлады», – заўважае Валер Ухналёў са «Справядлівага свету».

Віктар Цярэшчанка, які ў сваю чаргу здолеў прынесці ў Цэнтрвыбаркам патрэбныя 100 тысяч аўтографаў, заклікаў будучых шараговых чальцоў камісіі ад школаў і прадпрыемстваў да сумленнага падліку галасоў, нягледзячы на прэміі ды пасады.

«Вельмі вялікая просьба, я гэта падкрэсліваю, аб’ектыўна палічыць. Ну не можа быць 113 адсоткаў», – кажа Віктар Цярэшчанка.

На непразрыстую працэдуру падліку галасоў даўно наракаюць незалежныя назіральнікі ды праваабаронцы. Апошнія адзначаюць, што апазіцыйны чалец камісіі, нават пры выяўленні парушэнняў, змяніць хаду падліку наўрад ці зможа. Супраць яго – маўклівая адміністрацыйная большасць.

«Такое маналітнае фармаванне выбарчых камісій па вытворчаму прынцыпу, савецкаму, старому, як у нас практыкуецца і зараз, робіць камісіі маўклівымі, дзе ніхто не хоча пералічваць галасы», – адзначае Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Колькі людзей ад апазіцыйных партыяў увайшло ва ўчастковыя камісіі, стане вядома 26 жніўня. Малаверагодна, што адсотак будзе вялікі. Ва ўжо сфармаваныя тэрытарыяльныя камісіі прынялі толькі 15 адсоткаў ад заяўленых незалежных кандыдатураў. Запыты ж ад праўладных партыяў ухвалілі на 90 адсоткаў.

Таццяна Рэут

Стужка навінаў