Справы аб знікненні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага могуць закрыць


16 верасня споўніцца 15 гадоў з дня знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Што сталася са зніклымі Віктарам Ганачаром і Анатолем Красоўскім, хто ці што тармозіць расследаванне? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся сёння ў межах круглага стала з назваю «Гучныя справы. Чаму выканаўцы, арганізатары, замоўцы палітычных забойстваў на волі?»

Тэрмін расследавання справы аб знікненні былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі можа скончыцца 24-га верасня. Яго выкралі 7-га траўня 99-га года зусім недалёка ад дому. Паводле неафіцыйнай версіі ён стаў ахвяраю эскадронаў смерці, ад якіх у тым жа годзе пацярпелі таксама адзін з лідараў апазіцыі Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі, а ў 2000 годзе журналіст і аператар Дзмітрый Завадскі. 16-га верасня споўніцца 15 гадоў з дня знікнення ў Менску Ганчара і Красоўскага. Некаторыя праваабаронцы баяцца, што справы зніклых палітыкаў могуць закрыць з фармулёўкаю «у сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці». Аднак паводле закону зрабіць гэта яны не маюць права.

«Гэтыя справы не могуць быць спыненыя і адкладзеныя на паліцу ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны, бо ў гэтай спецыфічнай катэгорыі справаў, калі размова ідзе пра гвалтоўнае выкраданне, за якім ідзе знікненне асобы, тэрміны могуць быць ужытыя толькі тады, калі асоба будзе знойдзеная, ці высветлены лёс выкрадзенага», – адзначае праваабаронца Гары Паганяйла.

Чаму выканаўцы ды замоўцы палiтычных забойстваў на волi? Адказ на гэтае пытанне шукалі сёння падчас круглага стала ў межах кампаніі «Фэйр плэй».

«Калі казаць пра справу Ганчара і Захаранкі, то тут кідаецца ў вочы, што гэта былі людзі, небяспечныя для гэтага рэжыму. І самі як асобы, і на чале тых структураў і кампаніяў, якія яны планавалі рабіць. Гэта была пагроза для ўладаў», – заўважае старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

І людзей, якія ў той час маглі быць знішчаныя, было нашмат больш, чым можна ўявіць.

«Сёння падчас круглага стала прагучала сенсацыйная заява са спасылкаю на Карпенку, які меў нейкія свае крыніцы інфармацыі, ён казаў пра спіс, у якім было амаль 100 чалавек, якія маглі трапіць пад фізічную зачыстку», – працягвае Анатоль Лябедзька.

Азнаёміцца з матэрыяламі гучных справаў можна будзе сваякам толькі пасля закрыцця справы, да гэтага ж атрымаць хоць нейкую афіцыйную інфармацыю пра вынікі следства немагчыма.

Калі справы цяпер не прыпыняць, а ўсё ж закрыюць, і раптам пасля выплывуць нейкія факты, згодна з заканадаўствам, аднаўляць справу не будуць. Таму даведацца, хто вінаваты ў знікненнях тагачасных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, афіцыйна будзе ўжо немагчыма.

Фота: ciwr.org

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў