Справу Вячаслава Сіўчыка вярнулі на дапрацоўванне


19 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разглядалі адміністратыўную справу лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, якога затрымалі з прымяненнем фізічнае сілы ўначы ў пад’ездзе дому.

Яго вінавацяць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Планавалася, што суд пачнецца аб 11:00. У судзе прысутнічалі журналісты, а таксама Павел Севярынец, Мікола Статкевіч, Галіна Сіўчык, Алесь Макаеў ды іншыя актывісты.

Аднак праваахоўнікі доўга вазілі Сіўчыка па горадзе ў надзеі, што з суда сыдуць тыя, хто прышоў яго падтрымаць.

У выніку яго прывезлі ў суд толькі а 14:50. Справу разглядала суддзя Наталля Вайцаховіч. Міліцыя не дазволіла перадаць актывісту акуляры, хаця ў яго слабы зрок.

Адвакат Сіўчыка хадайнічаў, каб пратаколы аб правапарушэнні накіравалі на дапрацоўванне, паколькі яны былі складзеныя раней, чым яго затрымалі. Суддзя не пагадзілася. Адхіліла таксама хадайніцтва весці працэс на беларускай мове. У судзе выступілі сведкамі супрацоўнікі міліцыі Давыдаў і Корсак. Яны не змаглі патлумачыць прычыну затрымання Сіўчыка.

Суддзя вярнуў пратаколы на дапрацоўванне, паколькі час і месца здзяйснення правапарушэння не адпавядаюць пратаколу затрымання.

Вячаслава Сіўчыка затрымалі а 3 ночы 19 красавіка ў пад’ездзе ўласнага дому, сарвалі вопратку, збілі і закавалі ў кайданкі.

ДР, belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў