Справу беларусафобаў з агенцтва «Рэгнум» накіравалі ў Менгарсуд

video

Следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да аўтараў агенцтва «Рэгнум», якія абвінавачваюцца ў распальванні варожасці.

«Ужо скончана расследаванне, крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд. Калі не памыляюся, 17 кастрычніка пракурор накіраваў крымінальную справу на разгляд у Менскі гарадскі суд», – паведаміў старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч журналістам.

Ён нагадаў, што па справе праходзіць тры фігуранта: Дзмітрый Алімкін, Юры Паўлавец і Сяргей Шыпценка. Першаму прад’яўленае абвінавачванне па ч.3 арт.130 КК Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Юрый Паўлавец і Сяргей Шыпценка абвінавачваюцца па ч.1 арт.233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) і ч.3 арт.130 КК.

«У дачыненні да Баранчыка (шэф-рэдактар ​​інфармацыйнага агенцтва «Рэгнум», грамадзянін Беларусі Юрый Баранчык – заў.) справа выведзена ў асобную вытворчасць. Расейскі бок нам яго не выдаў. Будзем чакаць», – дадаў кіраўнік СК, паведамляе «Інтэрфакс».

У сакавіку Баранчыка затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх следчых, якія завочна абвінавачваюць шэф-рэдактара «Рэгнуму» у распальванні міжнацыянальнай варожасці. Але па заканчэнні 72-гадзіннага тэрміну затрымання ён быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Суд у Маскве не стаў выдаваць санкцыю на арышт журналіста, палічыўшы неабгрунтаванымі довады абвінавачвання.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары