Актывіста «Моладзі БНФ» аштрафавалі за фота з гарадавым


Суд Маскоўскага раёну Менску разглядзеў адміністратыўную справу актывіста «Моладзі БНФ» Арцёма Касаварава, на якога склалі пратакол нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Фота – Ірына Арахоўская, «Белсат»

Касаварава днём даставілі ў суд Маскоўскага раёну Менску, аднак праз некалькі гадзінаў чакання яго зноў павезлі ў РУУС, каб дапрацаваць пратакол. Яшчэ праз гадзіну хлопца прывезлі ў суд, пачалося паседжанне. Суддзя – Таццяна Матыль.

18.53. Пасля перапынку суддзя абвясціла рашэнне: Касавараў прысуджаны да штрафу ў памеры 6 базавых велічынь (147 рублёў). Актывіст з рашэннем суду не згодны і будзе яго абскарджваць.

18.07. У матэрыялах справы есць рапарт вайскоўца ВЧ 5448, у якім гаворыцца што Касавараў праводзіў «несанкцыянаванае пікетаванне». Сведкаў суд выклікаць не збіраецца.

17.57. Касавараў кажа, што спачатку сфатаграфаваўся з помнікам, трымаючы ў руках улетку, а пасля уклаў ўлетку ў руку гарадавога.

Арцём Касавараў у судзе. Фота – Ірына Арахоўская, “Белсат”

17.48. Суддзя сцвярджае, што Касавараў праводзіў незаконнае пікетаванне, трымаючы плакат фармата А4 з заклікам на канцэрт 25 сакавіка. Сваёй віны актывіст не прызнае.

Раней Касавараў папрасіў перапынак, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы. Паводле яго, у матэрыялах справы шмат аператыўных здымкаў, у тым ліку зафіксавана як ён фатаграфуецца з помнікам.

***

Арцём Касавараў. Фота – Ірына Арахоўская, “Белсат”

Паводле Касаварава, учора актывісты «Моладзі БНФ» ішлі па вуліцах Менска і раздавалі ўлёткі з запрашэннем на дазволены ўладамі мітынг-канцэрт 25 сакавіка ля Опернага тэатру. Праходзячы па вуліцы Гарадскі вал, двое з іх – Арцём Касавараў і Арсеній Дзядок – вырашылі сфатаграфавацца з улёткамі ля скульптуры менскага гарадавога. У гэты момант да маладых людзей падбеглі 8 супрацоўнікаў міліцыі і затрымалі іх. Патрабавалі выдаліць фота з помнікам.

Арсенія Дзядка міліцыянты адпусцілі, бо ён няпоўнагадовы, а на Касаварава склалі пратакол паводле арт. 23.34 КоАП – парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Аднак на словах міліцыянты сказалі актывісты, што яго затрымалі за фота з гарадавым. «У РУУС міліцыянты пыталіся колькі грошай мне заплацілі за раздачу ўлётак», – распавёў ён.

Ноч хлопец правёў у ізалятары на Акрэсціна.

Міліцэйская машына, на якой прывезлі Касаварава. Фота – Ірына Арахоўская, “Белсат”
Арцём Касавараў у судзе. Фота – Ірына Арахоўская, “Белсат”

КА, belsat.eu

Стужка навінаў