Справу аб «кветкавым крадзяжы» у Віцебску зноў закрылі


Крымінальную справу па «кветкавым крадзяжы» у Віцебску ў зноў спынілі, гэта адбываецца ўжо ў другі раз.

Як піша TUT.BY, першы раз следчыя спынілі вытворчасць па справе ў снежні мінулага года. Аднак у студзені галоўнай фігурантцы гэтай гісторыі і яе 15-гадовай дачцэ паведамілі, што папярэдняе следства адноўлена.

Неўзабаве пасля Новага года жанчына, якую абвінавачвалі ў крадзяжы кветак ачытку з клумбы, атрымала ліст са Следчага камітэта. У ім гаварылася, што 4 студзеня намеснік пракурора Віцебска адмяніў у дачыненні да яе і дачкі пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу. «Папярэдняе следства адноўлена», – гаварылася ў паведамленні.

Але праз тры тыдні, 25 студзеня, гарадскі аддзел СК зноў спыніў крымінальны пераслед у дачыненні да жанчыны і яе дачкі.

***

Нагадаем, 26 кастрычніка 2017 года каля дома № 8 на вуліцы Медыцынскай ў Віцебску мама з 15-гадовай дачкой сарвалі з клумбы 25 кветак ачытку (паводле іншай інфармацыі ад самой жанчыны – кветак было ўсяго пяць). Гэта заўважыла жыхарка першага паверха, пад вокнамі якой усё адбывалася. Жанчына зняла інцыдэнт на камеру і напісала заяву ў міліцыю. Пасля праведзенай АУС праверкі матэрыял паступіў з пракуратуры Віцебска ў следства. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце рабавання, здзейсненага групай асобаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў