Справа жыцця: навучыць нараджаць натуральна і без страху


Ці абавязкова ехаць нараджаць у Індыйскі акіян, побач з дэльфінамі, а пупавіну пераразаць праз месяц? І як натуральныя роды суадносяцца з суровай беларускай рэчаіснасцю?

Герояў інтэрв’ю чакаю на падворку, сярод хрушчовак у цэнтры Гомлю. Вольга і Мар’ян – сямейная пара, якая першымі ў горадзе, 5 гадоў таму, зарганізавалі курсы натуральных родаў. Вольга таксама вядзе семінары па лактацыі і догляду малых. У іх чацвёра дзетак – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. На момант інтэрв’ю малодшая Дамініка яшчэ толькі рыхтавалася пазнаёміцца з вонкавым светам, а пакуль абжывала мамін жывот.

Бачу Вольгу і Мар’яна, вітаемся, ідзем да іх на гарбату. Вольга квітнеючая і вельмі сімпатычная, на апошніх тэрмінах цяжарнасці.

Цяпер ёсць шмат розных рухаў і плыняў адносна тэмы бацькоўства і родаў. Як вы сярод гэтага патоку вучэнняў знайшлі сваё аптымальнае, пытаюся Вольгу і Мар’яна.

«Ну так, ёсць такія, хто едзе нараджаць у Індыйскі акіян, побач з дэльфінамі. І месяц не будзе потым пераразаць пупавіну. Ёсць увогуле скандальныя і небяспечныя практыкі. Для нас вызначальным было, што інфармацыю пра натуральныя роды мы атрымалі дзякуючы касцёлу. Мне падабаецца калі ўсе без фанатызму і са здаровым сэнсам», – тлумачыць Вольга.

«Што такое натуральныя роды, патлумачце чайніку?»

Вольга: «Натуральныя роды гэта роды з мінімальным медычным умяшаннем. Роды сіламі натуры. Бо ўсё ў жанчыны ўжо ёсць, каб усё адбылася добра, выключаючы нейкія медычныя выпадкі. Але пра плюсы і мінусы медпрацэдур у нас на курсах распавядае лекар, мы на сябе гэта не бярэм. Мы ж вучым, як не баяцца, як не стаміцца, як спраўляцца з болем, тлумачым, што адбываецца і як потым аднавіцца».

Цяжарнасць і роды ў суровых умовах беларускай медыцыны

Мар’ян і Вольга распавядаюць, што ў нашай краіне часта стаўленне медыкаў да цяжарнай не надта далікатнае. (Тут варта прыгадаць нарабіўшы шуму артыкул беларускай акушэркі “Как расположить к себе персонал роддома”.) Нягледзячы на гэта, беларускія гінеколагі мала што дазваляюць сваім пацыенткам і імкнуцца ў выпадку чаго адразу класці ў шпіталь, каб зняць з сябе адказнасць за цяжарнасць.

«Бо калі нешта здарыцца, то гэта на іх будзе цяжкім грузам – адразу на камісію, здымаюць прэміі, вымовы…» – кажа Вольга.

«Так, такая сістэма, – дадае Мар’ян. – У нас у ва ўсіх структурах дзяржава функцыянуе аднолькава. Усё пад справаздачамі, пад кантролем, усе баяцца. Задача гінеколага не весці тваю цяжарнасць і ўсяляць у цябе ўпэўненасць, што ўсё будзе добра, а найперш не папсаваць статыстыкі».

«Тут яшчэ грае ролю стэрэатып у грамадстве, што цяжарнасць гэта нешта, што трэба лекаваць, што проста мусіць быць нешта дрэнна і не так», – зазначае Вольга.

«Мы ўвогуле пачынаем з таго, што ніколі не называем дзеўчын і жанчын “будучымі мамамі”. Таму што яны ўжо мамы, дзеці ў іх ужо ёсць. А будучыя мамы… Ну вось мая дачка Януся, магчыма, будучая мама. Мы вучым паважаць жыццё. Ну бо, вось як у лекараў – плод тое, плод гэтае… А як вы назвалі свой плод? І паштовачка “любімаму плоду”. Смешна ж гучыць, праўда? Як нешта нежывое».

Пытаюся, як ідэальны варыянт натуральных родаў суадносіцца з суровай беларускай рэчаіснасцю?

Мар’ян адказвае, што зараз сітуацыя і так значна лепшая, чым 5 гадоў таму. Пачалося ўсё з партнёрскіх родаў. 5 гадоў таму гэта была экзотыка, і лекары самі адгаворвалі жадаючых. Цяпер у дзьвюх радзільнях у Гомлі ёсць палаты для індывідуальных і партнёрскіх родаў са спецыяльнымі ложкамі-трансформерамі. Гэтая паслуга платная і трапіш у такую палату, калі яе не заняў нехта іншы. Раней, у некаторых выпадках, можна было дамовіцца неафіцыйна, з дапамогай нейкіх хабараў, ды і то табе ніхто нічога не гарантаваў.

З падставовых рэчаў, у беларускіх радзільнях і жаночых кансультацыях усё яшчэ бракуе кансультантаў па лактацыі. Няма і гарачай лініі, дзе маці магла б атрымаць дапамогу.

«Людзі пачынаюць цікавіцца, едуць у іншыя краіны, глядзяць, як там усё адбываецца, і пачынаюць задаваць пытанні, нешта патрабаваць. Лекары таксама едуць за мяжу. Нават ва Украіне і Расеі сітуацыя лепшая, чым у нас», – распавядае Мар’ян

«Лекары кажуць, што і рады былі б зарганізаваць асобныя радзільныя залы ўсім, але няма такой магчымасці. Патрэбная рэарганізацыя, рэформы».

«Зараз таксама адмаўляюцца паступова ад некаторых, раней абавязковых, працэдур. У той жа Польшчы ад іх даўно ўжо адмовіліся. Маюцца на ўвазе галенне, клізма. Ёсць шанец нараджаць вертыкальна, але пры ўмове, што зоймеш той адзіны ложак-трансформер. У абласную радзільню можна ўзяць сваё адзенне. Хадзіць можна, раней усіх рожаніц змушалі ляжаць».

[vc_single_image image=”346772″ img_size=”large”]

Вольга ўзгадвае: «Гэта складана для акушэркі. Вось я ў Менску нараджала ў палаце з чатырма асобамі і ўявіце, калі яны разбягацца пачнуць. Іншая справа калі ёсць адна палата і адна асоба ў ёй. На акушэрку не мае прыпадаць па дзесяць родаў адначасова. А парадзіха, калі час надышоў, не мае бегчы з палаты ў родавую залу».

З дапамогай матэрыялаў youtube умовы ў нашай краіне можна параўнаць з радзільнямі ў нашых суседзяў. Напрыклад, далёка не сталічныя радзільні ў Польшчы і Расіі .

Усе паляпшэнні патрэбныя не толькі для камфорту мамы, тлумачаць Вольга і Мар’ян. Калі роды цярпенне для мамы то і дзяцёнак церпіць. Напрыклад, кепска ўплывае на нованароджанага, калі яму не даюць пабыць з маці, не адбываецца кантакт скура да скуры.

«Часта забіраюць дзяцей, бо так прынята. Лекары лічаць, што маме лепш адпачыць, аднавіцца. А шмат якія мамы і самі так лічаць.

Каб немаўля пакінулі з табой хоць на які час адразу пасля нараджэння, таксама трэба вельмі настаяць.

Але з маіх размоваў з неанатолагамі вынікае, што мамы рэдка на гэтым настойваюць. Мы над гэтым працуем, даводзім людзям такія рэчы. Якая ж мама са здаровым падыходам, можа пасля родаў спакойна аддаць малога абы куды і адпачываць?» кажа Вольга

[vc_single_image image=”346773″ img_size=”large”]

«Школа родаў? Інтэрнэтаў начыталіся?»

Узгадваючы, з чаго ўсё пачалося, Вольга распавядае: «Курсы родаў, на якіх вучыліся мы самі, былі вельмі нешматлюдныя. Вучыць у Менск прыехалі спецыялісты з Польшчы, якія такую школу ў Варшаве вядуць 30 гадоў. А калі мы самі вырашылі пачаць сваю такую школу ў Гомлі, мусілі адшукаць гінеколага, які б нам дапамагаў. І ніхто не пагадзіўся. Глядзелі на нас усе круглымі вачыма – якія партнёрскія ды натуральныя роды, навошта? І хто вы такія, што будзеце вучыць нараджаць, нават не медыкі? Інтэрнэтаў начыталіся?

У выніку праз нейкі час усё ж знайшлі лекара, які б нам дапамагаў. І гэта вельмі добрая мадэль – бо лекар распавядае пра роды з пункту гледжання медыцыны, а мы з пункту гледжання сям’і».

Пытаюся, як яно было 5 гадоў таму, ці не сустрэлі неразумення з боку людзей? Тыпу вось усе неяк тут нараджалі да вашай школы і нічога, давалі рады.

«Прама нам не казалі што мы займаемся нейкімі непатрэбнымі рэчамі. Але гэта было бачна ў іншым – людзі не вельмі разумеюць, што да родаў трэба рыхтавацца. Вось да шлюбу ці юбілею, іншая справа», распавядае Мар’ян.

«Нават бясплатна людзі не ішлі на нашыя курсы, – дадае Вольга, ды працягвае: – Тут яшчэ ўключаецца наш такі менталітэт “мне ўсе павінныя, мне ўсе абавязаныя”, а значыць медыцына мне ўсё зробіць як трэба. Мне “народзіць” радзільня, усё раскажуць і пакажуць. Не хапае ў людзей самастойнага, больш адказнага, стаўлення да свайго бацькоўства».

Хіба сапраўды ёсць такое сярод беларусаў. Пачынаецца з “гінеколаг мне скажа, як трэба”, праз “у радзільні мне народзяць”, да “дзіцячы садок і школа выхаваюць мне дзіцё”. Вялікую ролю ды зашмат значэння надаем дзяржаўным установам.

Размаўляла Святлана Пажарава, belsat.eu

«Справа жыцця» – серыя размоваў з людзьмі, якія абралі сабе незвычайны занятак. Як нашае грамадства рэагуе на чалавека, які не робіць кар’еру ў дзяржструктурах ды не імкнецца адкрыць аўтасэрвіс, а ідзе за сваёй марай і ідэяй?

Стужка навінаў