Справа збітага журналіста Tut.by: хапаў «тэатралаў» за каўнер.. нецэнзурна лаяўся на адрас улады і супрацоўнікаў міліцыі


Інтэрнэт-партал просіць адгукнуцца тых, хто 25 студзеня знаходзіўся ў будынку суда Фрунзенскага раёну і мог быць сведкам збіцця Паўла Дабравольскага.

Нагадаем, што 25 студзеня Павел Дабравольскі асвятляў «справу графіцістаў» у судзе Фрунзенскага раёну. На судовае паседжанне журналіст не трапіў і паспрабаваў зняць на відэа затрыманне актывістаў, якія разгарнулі расцяжку з лозунгам у зале суда. Журналіст быў збіты супрацоўнікамі міліцыі. Пасля гэтага на Паўла было складзена два пратаколы: за тое, што ён лаяўся матам ды непадпарадкаваўся «законным патрабаванням службовай асобы». Суд вызначыў, што журналіст мусіць заплаціць Br 9 450 000 штрафу.

«Нягледзячы на непрызнанне віны Дабравольскім П.П., суддзя прыйшоў да высновы аб яго вінаватасці ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння (…)», – гаворыцца ў судовай пастанове.

Супраць карэспандэнта Tut.by далі паказанні сведкі – супрацоўнікі міліцыі.

Сведка Шышко А. А. патлумачыў, што «Дабравольскага П.П. убачыў, калі аказваў дапамогу супрацоўніку міліцыі Каваленку С.В., які выводзіў з залы двух затрыманых. Дабравольскі П.П. пабег за імі ў калідор і пачаў навальвацца на Кавальчука С.І., хапаць за каўнер яго курткі і цягнуць на сябе, таксама выказваў нецэнзурную лаянку ў адрас дзейнай улады і супрацоўнікаў міліцыі».

У дакуменце ёсць і паказанні самога Кавальчука С.І., які заявіў суддзі: «У холе стаяў Дабравольскі П.П., які выбег з хола за намі ў ізаляваны калідор і наваліўся на яго ззаду, схапіў за каўнер і пачаў цягнуць у адваротны бок».

Непрызнанне віны Паўлам Дабравольскім суддзя Марыя Ярохіна расцаніла як «абраны ім спосаб абароны з мэтай сысці ад вызначанай законам адказнасці за зробленае».

Карэспандэнт Tut.by агучвае іншую версію таго, што адбылося ў судзе: «вырвалі з рук камеру, журналісцкае пасведчанне і пачалі збіваць. Па маіх адчуваннях, мне нанеслі каля некалькіх дзясяткаў удараў нагамі. Я паспрабаваў закрыць твар рукамі і падстаўляў спіну. Потым мне закруцілі рукі, а хтосьці з праваахоўнікаў паставіў свой нагу мне на твар».

Павел Дабравольскі збіраецца абскардзіць рашэнне суда.

Tut.by просіць адгукнуцца тых, хто 25 студзеня знаходзіўся ў будынку суда Фрунзенскага раёну і мог быць сведкам таго, што адбывалася з Паўлам у судзе.

Просім вас напісаць нам на editortut.by@gmail.com.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў