Справа закатаванага ў СІЗА 21-гадовага менчука ўсё ж трапіць у суд


Генпракуратура завяршыла расследаванне акалічнасцяў смерці менчука Ігара Пцічкіна. Перад судом адкажа фельчар СІЗА №1 Аляксандр Крылоў. Тыя ж, хто, па меркаванні сваякоў Пцічкіна, збіваў да смерці мужчыну, можа застацца беспакараным.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што Крылова будуць судзіць за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

За справаю вакол смерці Ігра Пцічкіна журналісты «Белсату» і праваабаронцы сочаць ад 2013 года. Мужчыну асудзілі на 3 месяцы арышту за кіраванне аўтамабілем без правоў.

21-гадовы Ігар Пцічкін на судовым паседжанні прызнаў сваю віну. 30 ліпеня ён прыехаў у РУУС Заводскага раёну, адкуль маладзёна этапавалі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе ён мусіў адбываць пакаранне. Праз чатыры дні працаўнікі турмы патэлефанавалі маці Ігара Пцічкіна і паведамілі пра ягоную смерць.

«Будзеш вісець на х…, як жаба»

«Яшчэ слова скажаш, ногі дагары задзяру на х…, будзеш вісець на х…, як жаба, на х…! Проста так на х…, верыш?» – гэткім маналогам міліцыянты адрэагавалі на заўвагу з боку Ігара Пцічкіна. І дадалі: пакуль ты тут, ніякіх правоў у цябе няма.

Як схаваць злачынства?

Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці Ігара Пцічкіна стаўся сардэчны прыступ. Сваякі мужчыны не сумняюцца, што яго проста забілі насмерць міліцыянты ў СІЗА. Маці загінулага, Жанну Пцічкіну доўгі час не дапускалі да азнаямлення са справаю па факце смерці Ігара.

Акрамя відэазапісу з пагрозамі з боку міліцыянтаў, сваякі і праваабаронцы маюць фотаздымкі цела Ігара Пцічкіна пасля чатырох дзён у СІЗА.

На руках відаць сляды ад заціснутых кайданоў. На руках, нагах, жываце – шматлікія гематомы.

Тым, хто ведаў Пцічкіна пры жыцці, цяжка было пазнаць яго пасля СІЗА.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мужчыну маглі збіваць міліцыянты з так званага «рэзерву» – дзяжурнай групы для здушэння закалотаў за кратамі. Пасля таго як яго збілі, Пцічкін прасіў выклікаць доктара. Аднак яго выцягнулі з камеры і працягвалі збіваць у калідоры.

У траўні 2016 года маці загінулага Жана Пцічкіна, не пагадзіўшыся з пастановай Следчага камітэту аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, узбуджанай па факце смерці сына. Яна звярнулася ў Генеральную пракуратуру, які адмяніў рашэнне СК і прыняў справу да разгляду.

У выпадку, калі суд прызнае фельчара Крылова вінаватым, яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў