Справа супраць Мурада Амрыева спыненая


МУС Чачэнская Рэспублікі паведаміў, што крымінальная справа супраць чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева спыненая.

Амрыева вінавацілі ў тым, што ў 2001 годзе, калі яму было 16 гадоў, ён нібыта падаў у пашпартны аддзел Ленінскага раёну Грознага ілжывыя звесткі для атрымання пашпарта, паказаўшы годам свайго нараджэння 1986-ы замест 1985-га. У лістападзе 2013 года Амрыеў пры допыце ў якасці сведкі падаў у міжраённы следчы аддзел Грознага пашпарт, у якім былі пазначаныя «загадзя ілжывыя звесткі пра год яго нараджэння».

Паводле версіі Амрыева, ён атрымаў пашпарт на падставе копіі пасведчання аб нараджэнні, якое яму было выдадзена ўзамен згубленых падчас ваенных дзеянняў у Чачэніі дакументаў. У копіі быў памылкова пазначаны год нараджэння і выпраўляць у 2001 годзе гэтую памылку ніхто не стаў. У Чачэніі ішлі баявыя сутыкненні, а Амрыеву трэба было атрымліваць пашпарт.

У 2013 годзе Амрыеў паведамляў праваабаронцам, што яго скралі і катавалі чачэнскія сілавікі. Праваабаронцы паведамлялі, што Амрыева выкралі, каб прымусіць ягонага старэйшага брата вярнуцца ў Чачэнію з Нямеччыны. Пасля гэтага спартовец сам зʼехаў з Расеі.

4 чэрвеня 2017 году Амрыева затрымалі ў Бранску. 6 чэрвеня ён скочыў праз вакно і збег з будынку транспартнай пракуратуры, дзе яго спрабавалі затрымаць чачэнскія сілавікі, каб адвезці ў Грозны.

Раніцай 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Адтуль яго даставілі ў РАУС у Добрушы. Ноччу спартоўца перадалі расейскім сілавікам, нягледзячы на тое, што ён патрабаваў палітычнага прытулку ў Беларусі. Выдача Амрыева выклікала хвалю абурэння сярод беларускіх і расейскіх праваабаронцаў. Маці чачэнскага спартоўца звярнулася праз беларускіх журналістаў да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не дазволіць этапаваць Мурада ў Чачэнію.

Пагоня за міліцэйскім картэжам з Амрыевым

Стужка навінаў