Справа Аляксандра Коржыча ў хуткім часе можа трапіць у суд


Крымінальная справа аб гібелі жаўнера ў Печах Аляксандра Коржыча накіраваная ў пракуратуру для далейшай перадачы ў суд.

Звычайна матэрыялы справы ў пракуратуры не затрымліваюцца. Гэта значыць, што бліжэйшым часам можа быць абвешчана дата суду па рэзананснай справе аб дзедаўшчыне ў беларускім войску.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчына і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.

Нарэшце, 19 красавіка, Следчы камітэт аб’явіў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.

Матэрыялы справы былі перададзеныя для азнаямлення маці загінулага Святлане Коржыч і абвінавачаным. Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы (а яны складаюць больш за 30 тамоў) па хадайніцтве жанчыны праводзіліся дадатковыя следчыя дзеянні, нагадвае БелТА. Аднак, мяркуючы па ўсім, высновы следчых не змяніліся.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў