Справа аб рыхтаванні масавых закалотаў, распачатая напярэдадні Дня Волі, не спыненая. Могуць з’явіцца новыя падазраваныя


Праваабаронцы высветлілі, што справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК), у чым спачатку абвінавачвалі фігурантаў «справы патрыётаў», не была спыненая.

Крымінальная справа па ч.3 арт.293 КК была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. Гэтая справа стала вядомая як «справа патрыётаў» або справа «Белага легіёну», частку яе фігурантаў у красавіку таксама абвінавацілі ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. 16 чэрвеня КДБ передаў Следчаму камітэту справу ў дачыненні да шэрагу асобаў, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 287 Крымінальнага кодэксу (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання). Пры гэтым крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч. 3 арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь КДБ спыніў, паведамляла тады прэс-служба СК.

Але як даведаўся Праваабарончы цэнтр «Вясна», быў спынены пераслед фігурантаў гэтай справы, аднак папярэдняе следства працягваецца. Праваабарончы партал spring96.org паведамляе, што гэта высветлілася
падчас працы па падрыхтоўцы іскавых заяваў аб спагнанні маральнай шкоды за незаконнае ўтрыманне пад вартай для фігурантаў справы, крымінальны пераслед у дачыненні да якіх быў спынены.

У прыватнасці, з такой заявай у КДБ звяртаўся Сяргей Кунцэвіч, і на мінулым тыдні ён атрымаў адказ са Следчага камітэта, куды была перанакіраваная яго заява. З гэтага адказу, падпісанага старэйшым следчым па асабліва важных справах Андрэем Халімавым, і вынікае, што крымінальная справа не спынена.

«Падставаў для вынясення органам, які вядзе крымінальны працэс, пастановы пра спыненне крымінальнай справы № 17068930028 няма, паколькі папярэдняе следства па справе не скончанае. Адначасова з гэтым, паведамляю, што 07.06.2017 крымінальны пераслед Вас у частцы здзяйснення Вамі злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь, спынены. Падставаў для вынясення якіх-небудзь іншых пастановаў, звязаных з крымінальна-прававой ацэнкай Вашых дзеянняў, няма», – піша прадстаўнік СК у адказе Кунцэвічу.

На сёння Праваабарончаму цэнтру «Вясна» невядома пра асобаў, якія б знаходзіліся ў статусе падазронага або абвінавачанага ў межах крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293, аднак падставы для занепакоенасці ёсць.

«Па факце падрыхтоўкі масавых беспарадкаў вытворчасць не спыненая, і гэта азначае, што ў межах расследавання гэтай крымінальнай справы могуць праводзіцца розныя следчыя мерапрыемствы – ператрусы, агляды памяшканняў, апытанні і іншае. Тэарэтычна могуць з’явіцца новыя падазраваныя і абвінавачаныя», – кажа намеснік ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Тое, што гэтая справа не спыненая, выклікае нашую асаблівую занепакоенасць. І ў звязку з гэтым нашыя патрабаванні застаюцца ранейшымі: вытворчасць па гэтай справе павінна быць спыненая», – падкрэслівае праваабаронца.

Глядзі таксама
Каментары