«Спіс Івашына»: 137 сілавікоў, якія падтрымаюць Расею


Дзяніс Івашын

Журналіст і аналітык у пытаннях бяспекі Дзяніс Івашын распавёў пра беларускіх сілавікоў, якія патэнцыйна ёсць агентамі ўплыву Расеі. «Спіс Івашына» – гэта ажно 137 чалавек ад маёра да генерал-лейтэнанта.

Івашын правёў у Горадні прэс-канферэнцыю, каб распавесці журналістам пра свае апошнія даследаванні, а менавіта даклад «Беларусь: суверэннае дзяржаўнае ўтварэнне ці пратэктарат РФ?» – маніторынг, зроблены ў 2017 годзе.

Аналітык працуе выключна з адкрытымі крыніцамі інфармацыі і спасылаецца на 34 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права збіраць і распаўсюджваць звесткі пра дзяржслужбоўцам. Адкрыта «агентамі Расеі» ён нікога не называе, адно дае інфармацыю для роздуму, часам карыстаючыся фармулёўкай «патэнцыйны агент».

У чым сэнс дакладу? Івашын прааналізаваў спісы вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ад кіраўнікоў ваенкаматаў да міністраў ды чальцоў Рады бяспекі на прадмет сімпатыяў і лаяльнасці да РФ. Цікава, што на ваенкаматы даследчык звяртае асаблівую ўвагу, бо яны займаюцца не адно мабілізацыяй, але адказныя і за тэрытарыяльную абарону, згодна загаду кіраўніка краіны.

Як знайсці «прарасейскіх элементаў»?

Каб разабрацца, хто ў выпадку канфлікту з «усходнім суседам» падтрымае незалежнасць, а хто – патэнцыйнага захопніка, Івашын вылучыў шэраг крытэраў:

  • вышэйшая вайсковая адукацыя, атрыманая ў РФ
  • служба ў расейскіх сілавых ведамствах (удзел у канфліктах, да прыкладу, у двух Чачэнскіх кампаніях)
  • нараджэнне па-за межамі Беларусі
  • дзейнасць у структурах кампартыі
  • датычнасць да фінансавых і дыпламатычных расейска-беларускіх колаў

У выніку карціна апынулася даволі змрочнай і трывожнай. Пад увагу трапіла ажно 137 асобаў, з іх 5 – генерал-лейтэнантаў, 30 – генерал-маёраў, 65 – палкоўнікаў, 27 – падпалкоўнікаў, 3 – маёры. Капітанаў і лейтэнантаў Івашын не чапаў, інакш спіс атрымаўся б у разы большым.

Cюжэт «Абʼектыву» пра даклад Дзяніса Івашына

На першым месцы, паводле Івашына, стаяць узброеныя сілы, дзе прысутнасць патэнцыйна «прарасейскіх элементаў» максімальная. Далей ідуць МУС і Памежны камітэт. Звестак пра КДБ даследчык не мае, паколькі працуе адно з адкрытымі крыніцамі, дзе немагчыма знайсці інфармацыю па функцыянерах камітэту.

Расейская прысяга, узнагароды ды Чачэнская вайна

Што гэта за людзі і чаму іхная прысутнасць у вайскова-палітычным кіраўніцтве краіны небяспечная? Паводле Івашына, гэта афіцэры, якія не проста сімпатызуюць Расеі, але прымалі прысягу на вернасць РФ, маюць вайсковыя ўзнагароды РФ, удзельнічалі на баку Расеі ў 1-ай і 2-ой Чачэнскіх кампаніях.

Вось усяго некалькі прыкладаў. Аляксандр Шкіндзераў – падпалкоўнік, вайсковы камісар Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўскай вобласці. У 1995-м скончыў вайсковую вучэльню ў Калінінградзе. З 1995 па 1998 гады выконваў «баявыя задачы» у Інгушэціі, з 1998 па 2000 – у Паўночнай Асеціі, у студзені 2000-га прымаў удзел у баях у Аргунскай цясніне падчас 2-й Чачэнскай вайны.

Альбо Канстанцін Моластаў, падпалкоўнік, да нядаўняга часу – кіраўнік Гарадзенскай пагранічнай групы. Канстанцін Генадзевіч нарадзіўся ў 1970-м у Краснаармейску Саратаўскай вобласці. З 1989 па 1993 вучыўся ў Алма-Ацінскім вышэйшай каманднай памежнай вучэльні КДБ СССР імя Дзяржынскага. У 2004-м скончыў Памежную акадэмію ФСБ РФ.

На прэзентацыі ў Горадні

А вось прыклад з Міністэрства Унутраных Справаў. Палкоўнік Андрэй Дудкін камандуе 3-й асобнай брыгадай спецыяльнага прызначэння войскаў МУС, якая базуецца ва Уруччы і добра вядомая менчукам па разгоне апазіцыйных мітынгаў. З 1989 па 1993-і праходзіў службу ў якасці камандзіра ўзвода, пасля роты ў элітнай 22-й асобнай брыгадзе аператыўнага прызначэння «Кобра» унутраных войскаў МУС СССР, пасля – Расеі. Мае ўзнагароды ад МУС РФ.

«Вейшнорыя» і «Правы Сектар» на поўначы Ровеншчыны

Звяртаючыся да прыкладаў з нядаўняга мінулага, Івашын згадвае брыфінг напярэдадні вучэнняў «Захад-2017», на якім прамаўлялі начальнік Генштабу Алег Белаконеў (выхадзец з Расеі, нарадзіўся ў вайсковай сям’і ў вайсковым гарадку) ды Уладзімір Макараў, кіраўнік інфармацыйнай службы ведамства (таксама выхадзец з Расеі, які скончыў вайсковую вышэйшую навучальную ўстанову ў РФ).

«Менавіта гэтыя людзі агучылі легенду вучэнняў ды «абвесцілі» «Вейшнорыю» – вылучаную тэрыторыю, якая супрацьпастаўляецца астатняй краіне, у якасці патэнцыйнага ворага, – тлумачыць Івашын, – У мяне склалася ўражанне, калі бачыў іх на сцэне, што гэта не беларускія вайскоўцы, а функцыянеры Беларускай вайсковай акругі СССР. Беларусі для іх няма, яны выконваюць задачы расейскага Генштабу».

Сярод іншага, Белаконеў таксама агучыў на брыфінгу інфармацыю, нібыта на поўначы Ровенскай вобласці Украіны «Правы Сектар» будзе размяшчаць свае падраздзяленні, каб пазбегнуць уварванню на тэрыторыю Украіны расейцаў. Гэтым самым, паводле Івашына, кіраўнік Генштабу стварыў аператыўную прастору для магчымых дыверсіяў і правакацыяў, якія і дадуць РФ падставу размясціць у Беларусі свой кантынгент, згодна дамовам у межах АДКБ.

Івашын падагульняе, што сітуацыя ў краіне і вакол яе склалася надзвычай складаная і трывожная, таму для захавання незалежнасці патрэбныя радыкальныя кадравыя рашэнні, што дазволяць стаць на кіруючыя пасты ў сілавых ведамствах беларусам паводле паходжання, месца навучання і прысягі. Таксама патрэбная кансалідацыя грамадства, якая не дазволіць падзяліць Беларусь на «вейшнорыі» ды іншыя фэйкавыя ўтварэнні.

Глядзіце таксама:

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Стужка навінаў