Спевы для тых, хто «не ўмее» спяваць

video

Спяваць у самоце ніякавата, асабліва, калі ніколі гэтага не рабіў. Але калі пачаткоўцаў шмат, і вы спяваеце разам – страх знікае. Месца, дзе ваш голас можа праявіцца напоўніцу, называецца «Спеўны сход».

Свой голас мы чуем штодзень і не заўважаем яго вялікай ролі ў нашым жыцці. Голас дапамагае нам мець зносіны, даказваць сваю праўду і выказваць пачуцці. А для кагосьці голас – музычны інструмент, які выкарыстоўваецца для задавальнення або для заробку.

Але наш голас здольны не толькі на гэта. Самавыражэнне – вось яго глыбінны сэнс. Нездарма гарлавы цэнтр, згодна індыйскай філасофіі, адказвае за творчасць і выяўленне сябе. Тое, як вы гаворыце – гучна, упэўнена або ціха, млява – уплывае на ваша жыццё. Раскрыты, пастаўлены голас дапаможа рэалізавацца ў працы, творчасці і сям’і.

Калі Шаляпіна пыталі, дзе ў яго нараджаецца гук, ён адказваў: «У пятках». Вялікі спявак не жартаваў. Справа ў тым, што гучанне не абмяжоўваецца работай галасавых звязак.

У працэс спявання ўцягваецца ўся сутнасць чалавека, усё яго цела пачынае гудзець і вібраваць. Таму спевы аказваюць тэрапеўтычнае ўздзеянне, здымаюць зажымы, якія ёсць у кожнага – псіхалагічныя, цялесныя. Сумеснае спяванне на «Спеўных сходах» дапаможа вам раскрыць свой голас і сябе.

13 лістапада мы будзем спяваць беларускія народныя песні. Калі чалавек выконвае народную песню, ён пражывае глыбінную сітуацыю. Напрыклад, расставанне з родным домам, любоўную драму. Народная песня, якую мы спяваем талакой, дазваляе лепш адчуць свет і сваё месца ў ім.

У праграме:
– майстар-клас ад этна-спявачкі Ірэны Катвіцкай (дыхальная гімнастыка, распеўкі і мн. іншае)
– выступ дуэта AGATA (Ірэна Катвіцкая і Аляксей Варсоба) і сумеснае развучванне традыцыйныx беларускіx песeн.
– спецыяльны майстар-клас і восеньскія беларускія песні ад Сержука Доўгушава

Прыходзьце на «Спеўны сход», каб прыняць сябе і свой голас!

Падзея ў сацыяльных сетках: «УКантакце», «Facebook».

«Спеўны сход» пройдзе ў прасторы «Хто такі Джон Голт?» 13 лістапада.

Адрас: Менск, вул. Шорная, 20, цокальны паверх.

Пачатак а 19.00.

ЮВ, belsat.eu, паводле novychas.by

Глядзі таксама
Каментары