Спецслужбы ЗША мяркуюць, што крызіс ў Персідскім заліве справакавалі расейскія хакеры


Спецслужбы ЗША падазраюць, што хакеры з Расеі ўзламалі сайт дзяржаўнага інфармагенцтва Катара і размясцілі там фальшывае паведамленне, што стала адной з прычын палітычнага крызісу ў Персідскім заліве. Пра гэта паведамляе CNN.

У канцы траўня на сайце Qatar News Agency зʼявілася паведамленне, у якім цытаваліся выказванні эміра Катара Таміма бен Хамада аль-Тані наконт Ізраіля, Ірану і прэзідэнта Дональда Трампа. Гэта паведамленне, адзначае тэлеканал, стала адной з прычын, па якіх шэраг краін рэгіёну разарвалі дыпламатычныя стасункі з Катарам.

Улады Катара патлумачылі зʼяўленне гэтага паведамлення тым, што сайт агенцтва быў узламаны. ФБР, па дадзеных журналістаў CNN, факт узлому сайта пацвердзіла.

«Мы лічым, што ўвесь крызіс грунтуецца на ілжывай інфармацыі, ён быў запушчаны на аснове сфабрыкаваных навін», – заявіў міністр замежных спраў Катара шэйх Махамед бен Абдурахман аль-Тані.

ФБР даслала сваіх агентаў у Доху, каб дапамагчы катарскаму ўраду расследаваць меркаваны хакерскі інцыдэнт. Паводле журналістаў, у ФБР лічаць, што за хакерскай атакай стаіць Расея.

Між тым, афіцыйна амерыканскія спецслужбы сітуацыю пакуль не каментуюць.

На дадзены момант ужо 9 краін разарвалі дыпламатычныя стасункі з Катарам. Сярод іх – Саудаўская Аравія, Егіпет, Бахрэйн, Йемен і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Катар абвінавачваюць у падтрымцы тэрарызму.

 

ІІ, belsat,eu

Стужка навінаў