Спецслужбы Літвы лічаць, што Расея і Беларусь могуць засылаць шпіёнаў пад выглядам прызыўнікоў


Літоўскія спецслужбы апублікавалі ацэнку пагрозаў нацыянальнай бяспецы за мінулы год, якая паказвае, што Расея не пакідае Літву ў спакоі, збірае інфармацыю, вярбуе прадпрымальнікаў, грамадскіх дзеячаў і работнікаў праваахоўных органаў, спрабуе прабрацца ў прэзідэнтскую адміністрацыю, імкнецца ўздзейнічаць праз СМІ. У справаздачы таксама ўтрымліваюцца звесткі пра магчымае пранікненне ў краіну расейскіх і беларускіх шпіёнаў.

«Плыні прызыўнікоў могуць выкарыстоўвацца пры спробе пранікнуць у сістэму абароны», – гаворыцца ў ацэнцы пагроз нацбяспецы, якую ў сераду апублікавалі Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) і Другой дэпартамент аператыўных службаў пры Мінабароны Літвы.

Паводле дадзеных ведамстваў, з гэтай мэтай Расея і Беларусь могуць паспрабаваць укараніць на вайсковую службу завербаваных асобаў, або шукаць спосабы вярбоўкі сярод прызыўнікоў.

Спецслужбы нагадваюць, што ў 2016 годзе на тры гады пазбаўлення волі за шпіянаж на карысць Беларусі быў асуджаны парамедык літоўскага войска Андрэй Ашуркаў, які быў завербаваны ў Беларусі і ў 2007 годзе ўкаранёны ў літоўскае войска ў якасці прызыўніка.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, дзейнасць яго выведкі і службаў бяспекі таксама з’яўляецца пагрозай для Літвы, піша delfi.lt. У справаздачы канстатуецца, што выведку супраць Літвы ажыццяўляюць расейская Служба знешняй выведкі, Федэральная служба бяспекі і Галоўнае выведвальнае кіраванне Генеральнага штаба ўзброеных сілаў, якое каардынавала дзеянні з Беларуссю.

Расейскія службы не грэбуюць і шараговымі жыхарамі памежных раёнаў, якія ездзяць у Расею за больш таннымі таварамі.

 «ФСБ прадʼяўляе ім фіктыўныя або сапраўдныя абвінавачванні ў кантрабандзе, парушэнні працэдур перасячэння мяжы і таму падобнае. Такіх асоб матывуюць супрацоўнічаць, абяцаючы неабмежаваныя магчымасці для далейшага вывазу тавараў з Расеі», – заяўляюць супрацоўнікі выведкі.

ДР, belsat.eu паводле interfax.by

Стужка навінаў