Спецслужбы Літвы і Эстоніі: Yandex.Taxi можа зліваць у Расею звесткі пра карыстальнікаў


Гаджэт кампаніі Yandex.Taxi перадае даныя на расейскія IP-адрасы, паведаміў у пятніцу Нацыянальны цэнтр кібербяспекі Літвы (НЦК), перадае Delfi.

«Падчас аналізу НЦК высветліў, што гаджэт па каналах шыфраванай сувязі рэгулярна падключаецца і падтрымлівае актыўнае злучэнне з 11 унікальнымі IP-адрасамі (з якіх 10 належаць Расеі). Перадача дадзеных ажыццяўляецца цыклічна», – гаворыцца ў дакладзе цэнтра.

Літоўскім грамадзянам не рэкамендуецца карыстацца Yandex.Taxi, бо сэрвіс патрабуе доступ да вялікай колькасці канфідэнцыйных звестак карыстальнікаў.

Аналіз паказаў, што гаджэт зроблены якасна, добра аптымізаваны, для перадачы даных выкарыстоўвае зашыфраваныя каналы, стандартныя парты пратаколаў.

Тым не менш, НЦК сцвярджае, што Yandex.Taxi мае магчымасць у любы час па шыфраваных каналах сувязі падлучацца да розных адрасоў у розных рэгіёнах Расеі, незалежна ад таго, ці знаходзіцца гаджэт у рэжыме чакання або ў актыўным рэжыме.

Карыстальнікаў таксама папярэджваюць, што з дапамогай шкодных праграм можна выкрасці ў людзей грошы і канфідэнцыйную інфармацыю, шпіёніць, шантажаваць раскрыццём асабістай інфармацыі, адпраўляць SMS-паведамленні павышанага тарыфу за кошт уладальніка прылады, выкарыстоўваць прыладу для распаўсюджвання віруса або спаму, выканання іншых кібератак.

Паліцыя бяспекі Эстоніі раіць пры выкарыстанні праграмы Yandex.Taxi улічваць, што сабраная з дапамогай праграмы інфармацыя адпраўляецца ў расейскія серверы.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары